Сьвет

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Стары Выжар Сьвет
Апавяданьне
Аўтар: Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч
1924 год
Крыніца: Часопіс «Грамадзкі голас», № 17, 28 жніўня 1924 году, б. 3, № 18, 31 жніўня 1924 году, б. 2
Раніца

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




XV.
Сьвет.

— Жыў сярод гушчару Выжару нейкі, кажуць людзі, Сьвет. Добра было яму сярод дрэваў, сярод галін. Весяліўся ён, бегаў, гуляў, ганяўся за зайцамі, ваўкамі, дужаўся з медзьвядзямі. Усе любілі Сьвета. Ніхто ня крыўдзіў яго. Зьвяры зрабілі яму добрае, мягкае ложка з сухіх лісьцяў і моху, пільнавалі яго сну. Птушкі пеялі яму песьні, казкі казалі, галіны бярозы пільнавалі яго ад камароў. Добра жылося Сьвету! Усяго яму было даволі. Пчолкі мёдам кармілі, птушкі паілі крынічнай вадою, прыносячы яе ў дзюбах. Ня меў гора Сьвет. Але, вось, раз спаткала яго бяда. Бегаў Сьвет па лесе, ганяўся за птушкамі. Як раптам, вецер разагнуў вяршыны дрэваў і вострае, яркае праменьне разанула яго па вачох…

Ад неспадзеўкі Сьвет застанавіўся.

— Што за птушка зірнула на мяне? — думалася яму. — Адкуль у яе такое яснае вока, што нават у вачох пацямнела ў мяне, — меркаваў ён і, падняўшы галаву, пачаў шукаць птушкі з ясным вокам. Доўга хадзіў ён, выглядаючы, ці не знайдзе дзе цікавай птушкі. Дарэмна клікалі яго ўсе зьвяры і птушкі, дарэмна звалі кінуць шукаць туае птушкі. Ня мог супакоіцца Сьвет. Усё хадзіў па лесе ды шукаў…

Вось, нарэшце, калі зноў загуляў вецер па вярхох дрэваў, угледзіў Сьвет яснае вока птушкі… Застукацела яго сэрца моцна ў грудзёх. Затаіў дух Сьвет і ціха пачаў падходзіць да цікавай птушкі. Здаецца яму, што сядзіць яна на высокай, высокай елцы, на самай апошняй галіне. Ня вытрымаў Сьвет і палез… Вось ён ужо на самай вяршынцы… Хістаецца елка, гнуцца пад ім галіны… Але ня бачыць гэтага Сьвет. Асьляпіла яго саўсім ясная птушка. Здаецца яму, што пераляцела яна на другую вышэйшую елку. Выцягнуў да яе Сьвет рукі, пасьлізнуўся і грымнуў у дол. Ляцеў Сьвет у дол і здавалася яму, што птушка ўжо вось-вось у яго ў руках. Разьбіўся Сьвет аб карэньні дрэваў, ляжаў у доле няжывы. Прыйшлі зьвяры, зьляцеліся птушкі наўкола яго. А ён ляжаў, ляжаў з расплюшчанымі вачыма, з усьмешкай радасьці на вуснах… А ў вачох яго ігралі праменьні далёкага сонца. Гэтак зьгінуў Сьвет, шукаючы Сонца.

Дзяргач.