Сцэнічныя творы (Колас, 1917)/Антось Лата
Антось Лата П’еса Аўтар: Якуб Колас 1917 год |
На дарозі жыцця → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Антось Лата. |
Тарас Гушча.
АНТОСЬ ЛАТА.
Сцэнічны твор на 2 акты.
Зьява першая.
(Адбываецца ў патайным шынку, у мястэчку. Шынок брудны, бедны, ніпрыбраны. За адным столікам сядзіць стары жыд; узьдзеўшы акуляры, ён ні адводзіць вачэй ад кнігі, сядзіць і барухаецца; калі-ні-калі бубніць у голас. За другім столікам сядзяць шчэ маладыя селяне, Габрусь і Рыгор. Перад імі стаіць пустая бутэлька. Старая Лэя нідалёка ад Бэрка і вяжа панчоху.)
Габрусь (сьпевае).
Ой, валэ ж мае,
Ды ўсё палавыя!
Чаму вы ні гарэце?
Ой, леты ж мае,
Ды ўсё маладыя!
Чаму ж дарма гінеце?
Рыгор [Сперша сядзіць панурыўшыся, потым ўздымае галаву. Да Габруся] Ну, зацягнуў, як на хаўтурах! Кінь, дружэ! І так моташна на сэрцы, а ён яшчэ цягне, бы воўк вые. Хіба весялейшых песянь німа?
Габрусь. Ні сьпеваюцца, брат, вясёлыя песьні. Дома ні лады, жонка хвора, нідоімкі шмат, а тут яшчэ загуляліся… Ну яго к чортавай матары!
Рыгор. Ні давайся, брат! Да дому хочацца, — сядзі, гуляй; плакаць зажадалося, — а ты песьні сьпевай. (Бярэцца у бокі і скача, падпеваючы).
Ой, ты, куме, мой кумок!
Бадай табе трасца ў бок:
Дзе ты, куме, прападаў,
Каб ты ногі паламаў?
Ці ні быў ты у Цацэлі,
Ці ў Тэклі, ці Марцэлі,
А то можа у Югалі?..
Дзе чартэ цябе ганялі?!
[Сам да сябе]. Другую!
Свіння ў рэпі, свіння ў рэпі,
Парасята ў грэццы,
А музыка без языка
Каля печы трэцца!
[Падскаківае і крэпка стукае нагамі. Падыходзіць да столу, абнімае Габруся] Габруська, мілы! Выпьем яшчэ, га?
Габрусь. (Слаба працівячыся) А ніхай яна, братка, згарыць, — і так, падла, шаломіць. Можа будзе?
Рыгор. Душа меру знае! Эй, Лэя! дай яшчэ поўкварты. [Сьпевае].
Ад меду — галава,
Каб чарачку гарэлачкі,
Дык я была-б здарова.
(Уваходзіць Лэя с поўквартай)
Габрусь. Лэя — цётка, Лэя — мама:
Пашкадуе гэтак сама —
І накорміць і напоіць,
Хоць і добра нас падоіць.
Чаму цябе, Лэя, чэрці ні хапаюць? Жывеш ты і жывеш, і зносу табе німа. Колькі табе ужо год?
Лэя. [Ставіць на стол поўбутэлькі]. Ні ведаю, галубок; жыву, от, пакуль Бог пазваляе, а гадоў сваіх ні лічу. І на што іх лічыць? Грошы трэба лічыць, трэба лічыць гусі, авечкі, а гадэ — Бог злічыць. Лішняго ні вазьму, твайго, галубок, ні займу.
Рыгор. (Пазірае на Лэю, плюе у бок) Тфу! Будзе яшчэ Бог турбавацца лічыць яе гадэ. А каб Цябе сьнег спаліў! Чуеш ты, Габрусь, што Яна гаворыць?
Габрусь. Ведама старая — зьдзяцініла! Ей здаецца, што Богу німа чаго больш і рабіць, як лічыць яе гадэ. Падумаеш — угодніца якая!
Рыгор. Угодніца! Ха-ха-ха! Пойдзе Лэя ў рай, а мы засьпеваем ей:
«Старая вялікакруцельніца, Лэя,
Нясі спірытусу нам!»
Лэя. [Сьмяецца]. Ой, Рыгор, Рыгор! На што Богу
грашыць? Крыўдзіш ты мяне, старую. Якая ж круцелька? Вады падліваю у гарэлку? Ашуківаю вас? От вы тут выпіваеце, а у мяне душа ў пятах. Войдзе стражнік, трэба што сунуць яму ў руку. Акцызнік зловіць — штрап плаціш. А якія заработкі? Капейка на поўбутэльку…
Габрусь. Яе, брат, да вечэра ні пераспорыш і ні пераслухаеш. Баба — заўсюды бабаю застанецца — ці наша, ці жыдоўка: ні збрэшашся з імі (Да Лэі). Дай лепяй закусіць чаго трохі. (Лэя выходзіць).
Габрусь. (Сьпевае ёй у сьлед)
«Ох, шынкарка наша Лэя,
Пашла, — прыдзе, — ні здурэя.»
Бэрка. (Адрываецца ад кнігі, пазірае на Габруся, круціць галавою). Гэта ужо такая натура у вашага брата: выпіць на капейку, а гуку нарабіць на рубель.
Габрусь. А ваш брат калі адну чарку выпье, дык увесь вар‘яцея, хоць ты яго у Вілейку вязі. (Бэрка паціскае плячыма, апускае вочы у кнігу і змоўкае). Як ты думаеш, Рыгор: дастане Бэрка сабе збавення, ці не?
Рыгор. Хто, — Бэрка? А як жа! Чакай, Пятрук Пятра: будзеш сыр есьці?.. (Бэрка кідае сярдзіты погляд на Рыгора. Рыгор і Габрусь сьмяюцца).
Лэя. (Уваходзіць). Ну, вот вам сяледчык с перчыкам і цыбулькаю.
Рыгор. О, дзякуй табе, цётка Лэя! (Да Габруся). Налівай, сябру!
Габрусь. [Да Рыгора] Ну, то уцекай жа! [Задзірае галаву і гладка выпівае, моцна крывіцца.)
Рыгор. [Узяўшы чарку ад Габруся]. Дай жэ Божэ, каб у хлявох пладзілося, а у палёх коласілося, каб жывы былі і яшчэ пілі.
Габрусь. Дай Божэ! [Габрусь і Рыгор закусываюць моўчкі. Бэрка моліцца у голас. Лэя сядзіць над панчохай]
Габрусь. Вот, брат, каб на яе агне, на гэту гарэлку: як выпьеш, падлу, дык адразу робіцца на душы святлей. Потым жа яна, нябось, зашкодзіць?
Рыгор. Глупство, браце… Ведаеш, што, Габрусь: давай паедзем у Амэрыку?
Габрусь. А што ты думаў, — едзьма!
Рыгор. Расказываюць, што заработкаў там, колькі хочыш. Лапатамі агрэбай дзенюшкі.
Габрусь. І скажы, браце, чаму там многа заработкаў?
Рыгор. Народ панаваты. Рабіць сам ні хоча, а грошай многа.
Бэрка. [перастаўшы глядзець у кнігу, прыслухіваецца да мовы] Ой, покі ў Амэрыку заедзеця, то у «Рыгу» напэўне трапіця.
Габрусь. Куды трапімо, то трапімо, але ні хапуну ў лапы. Ты вот молішся, а хапун за каркам шворыцца.
Рыгор. Ні ўжо гэта праўда, што іх бярэ хапун?
Габрусь. А ты ж думаў як? Людзі ні дарма гавораць. Унь нашаго каваля Шлёму… Каб ні Сальвэсь, то і прапаў бы: ушчаміў ў асіну — ні туды, ні сюды. Ледзьвя выратаваў.
Рыгор. Чуў я гэта, але мала даю веры.
Габрусь. Бо ты дурань. А я табе скажу, што хапун есьць, што кожын год бярэ ён с кагалу па аднаму жылу… Ведаеш, такая справа. У жыдоў ні было грошай, а жыд, ты ведаеш, любіць грошы, моцна іх любіць. Вот яны і зрабілі такі кантракт с чортам: чорт дае ім грошы, а яны, замест працэнту, плацяць адным жыдам с кагалу. І вот гэты зборшчык падаткоў называецца хапуном.
Бэрка. [Круціць галавою.] Эх, цемнота, цемнота! Адны дурні плявудзгаюць, а другія іх слухаюць.
Рыгор. Габрусь, братка, кінь ты Бэрку! Ды й ні праўда ўсё гэта, — брэшуць цёмныя людзі. Што-ж будзе, калі у нас Бэркі ні будзе? Дзе мы прыхілімся, сіраты? А ты, Бэрка, хоць у цябе розуму с поўцабэрка, маўчы, і ні мешайся ты ў нашу пьяную гутарку… Пій брат, ні бойся: розуму ні прапьём, бо яго і німа. Глядзі мне у вочы: ты бачыш мяне?
Габрусь. Бачу больш, як трэба: ні аднаго, а цэлы гурт Рыгораў, і ўсе, як адзін.
Рыгор. А я бачу з дзесяць Габрусёў.
[Сьпеваюць]
«Чарка ўсё на сьвеці робіць,
З ёю можна жыці,
Ею ўсякія хваробы,
Можна загаіці.
[Адчыняюцца дзьверы. На парозі паважна зьяўляецца фігура Антося Латы. Суконны пільчак яго узьдзеты ў адзін толькі рукаў; праз шапку выбіўся касмык ужо пасівелых валасоў, у руках палка. Гаворыць моцна, адрывіста].
Антось. [Стаіць ва парозі, абводзіць вачыма шынок, гукае моцна]. Здар-рова, рребята-а! [Ніхто ні адклікаецца. Трасе галавой, цяжка ўздыхае]. Эх, ваякі мае, ваякі мае! Ні чуеця вы голасу свайго старога генэрала! Дзе дзяк Ралькоўскі, каторы да слоў малітвы: «Стомпіл да пекла» дабаўляў: «бо па дарозі было»? Сьпіўся, бедны, царство яму нябеснае, вечнае адпачыванне яго душачцы! Дзе Антось Лузун, на фаміліі Сомяняка?.. Антось, Антось! Ты быў шпаркі да бойкі, і ніколі ні зажывала у цябе шкурка на носі. Дзе Мікола Паляк, каторы меў вока на попа. Элавіў яго ў ночы, нібыта свайго сына, і давай накладаць яму па карку, прыгаварываючы: «Толькі па вячорках ходзіш, а сена каню ні даў! А сена каню ні даў!» Парыця вы землю, кампанейцы мае! Толькі я астаўся, як пень яловы на пасяццы. (Падыходзіць да Бэркі). Як маешся, турэцкі рабін?
Бэрка. От!.. Антось, як жывеш?
Антось. Жыву, брат, і цябе яшчэ на могілкі у мяшку занясу.
Бэрка. Ну!
Антось. А ты ўсё з гэтаю бубляю? Ужо адны вочы ні сьвецяць табе, зараз і шкляныя папсуеш. Што ты вычытаеш тут, куст альховы? Я ні пісьменны, а давай паспрэчаемся у навуцэ! (Адбірае ад Бэркі кнігу).
Бэрка. Антось! Антось, пакінь!
Антось. Я яму кажу — пакінь, а ён мне. (Вырывае з рук кнігу, выбегае на сярэдзіну шынка. Бэрка стараецца адабраць кнігу. Падбегае Лэя на помач. Антося пільчак спаўзае з рукава, Антось ні замечае, адпіхае аднэю рукою Бэрку і Лэю, а сам, раскрыўшы кнігу, перадражнівае).
«Агонь гарыць, дым коціцца,
А Бэрка думаў, — сьвет кончыцца…
Бэрка думаў, сьвет кончыцца,
А то агонь гарыць, дым коціцца.»
Бэрка. Э-э, пьяніца, варьят!
Антось. Сам ты варьят, ідал ты! Табе толькі аднаму хочацца ў рай? Скула табе, а ні рай. Калі ўбачу, што ў рай пашыбуеш, звалаку! Дальбог, звалаку! (кідае аб стол кнігу. Рыгор і Габрусь рагочуць).
Рыгор (да Габруся). Загуліваецца Антось.
Габрусь. (Нізка апускае галаву). А мы с табою — сьвятыя!
Антось (да Бэркі) Ну, пугач ты дупляны, кнігаед дурны! Скажы мне: колькі раз ляжа голка ад Нясвіжа да Міра? Гэтага ні напісано у тваёй галаве? Га?
Бэрка. Ні лічыў!
Антось. А што крапчэй жыцьця і сьмерці? Скажы мне, пісьменны!.. А скажы, чаму я плачу там, дзе трэба сьмеяцца, і сьмяюся тагды, калі трэба плакаць?
Бэрка. Ну, бо у цябе такая натура.
Антось. Натура, натура! Быў салдат Батура, у яго была кепская натура. Чаму ён салдат Батура?
Бэрка. (Ускідае плячыма, ні знае, што сказаць).
Антось. Уй, заткало старое! (Ідзе да Лэі). Ну, Лэя, давай руку, — пагадаю.
Лэя. Ні трэба, ні трэба — ні хачу!
Антось. Калі кажу давай, то давай! (Сілаю бярэ руку, углядаецца. Крывіць голаву і так і гэтак). Доля твая, як жыто у Канцывалоках. Шчасьце тваё асталося ззаду. Ты ідзеш да яго, але міма, пазіраеш яму ў вочы, а бачыш яго сьпіну. Сэрцо тваё ніспакойна; думкі твае займае мужчына сьветлаго воласу, каторы любіць выпіць.
Лэя. (сьмяецца). Можэ гэта ты, Антось?
Антось. Так і ёсьць; рука гэтак паказывае. А Бэрку ты ні любіш, — яго і любіць німа за што.
Бэрка. (Намысьліўшыся), Ну, Антось: пытаў ты мяне, запытаю і я цябе. Скажы, сколькі сабака носіць у сабе страву?
Антось. Столькі, сколькі ты над бубляю сядзіш. (Рыгор і Габрусь сьмяюцца).
Бэрка. А чаму у курыцы вочы закрываюцца знізу?
Антось. А чаму у цябе нос на перадзі, а ні на патыліцы? Дурак ты! што ты пытаеш? Такая яе урода.
Бэрка. А вот і ні ведаеш.
Антось. Больш я забыўся, як ты знаеш.
Габрусь. (да Антося). Хадзі, дзядзька, да нас!
Антось. Дык што будзе?
Габрусь. Нічога ні будзе, пасядзіш з намі, чарку выпьеш.
Антось. Змілаваліся! Дзякуй вам, дзеткі!.. Ідзіця вы к чортавай матары з вашай гарэлкай. У мяне свая ёсьць. (Мацае кішэні). Нябось, ніхто ні захацеў з дзядзькам паздароўкацца — брыдка! Антось — пьяніца, Антось — лайдак, на Антося дзеці пальцамі паказываюць… Дзе-ж мая пляшка, трасца яе долі?.. Бэрка! на што забраў гарэлку?
Бэрка. Я ні пьяніца, Антось.
Антось. Эх, Бэрка, Бэрка! Святым хочаш быць, законы талмудаў споўняеш, а Антосю запускаеш шпількі. Ну, што-ж?
Лэя. Можа ў пільчаку твая гарэлка?
Антось. От што значэ сэрцо кабеты, каторая любіць. Ты, Лэя, будзеш у раю, а Бэрку — гула асмаленая. Дай пацалую цябе. (Лэя уцекае). Бэркі баіцца! (Падымае пільчак). Губляў я гарэлку многа раз, але яна ні прападала. А гарэлка згубіла мяне адзін раз, і я ні знайду сябе. (Цягне з бутэлькі. Стаіць колькі мамэнтаў, апусьціўшы галаву, потым паважна уздымае яе, абводзіць усіх). Выбачайця, хлопцы! Выбачай і ты, Бэрка… Я ні са злосьці — натура мая такая… (Зразу другім тонам). Эх, каб я быў пісьменны! Напісаў бы я пра нашае цёмнае мужычае жыцьцё, ды як напісаў-бы: слязьмі і кроў‘ю! Вам сьмешна: Антось — камэдыянт, пацешае вас, і вы сьмеяцеся! Але ці бачылі вы, як Антось плакаў? Але ці чулі вы, як Антось праклінаў час, калі ён радзіўся на сьвет, долю сваю сабачую?.. Эх, свіначае жыцьцё! (Скрыгіча зубамі). І каму карысьць з мяне? Жыў я, жыў, лік годам згубіў. Сынэ паўміралі, унукі гібеюць. А жонка?.. (Задумываецца). Ты б і дагэтуль жыла, мая сівая галубка, і мяне б пахавала. Але ці мала адабраў я твайго здароў‘я? Ці ні ты гэта тулялася на завугольлю ў аднэй бялізьне, як у маёй галаве бушаваў хмель?.. Сабака я, печаны гад, збойца!.. Хата мая спусташылася, вакруг усе павыміралі, а я адзін… адзін… Я — адзін! Мне жудасна у хаці маёй!.. Адна толькі ты са мною, атрута мая, ты — мая пагібельніца! (Трасе бутэлькай). Ты, згуба мая! З-за цябе калаціў я сямью маю, з-за цябе, паганая! (Замахіваецца бутэлькай). Не, ні хопіць сілы разбіць цябе. (Зноў цягне з бутэлькі). Чорт мяне павенчаў с табою! (садзіцца за стол). Пасуньцеся, хлопцы! (Рыгор і Габрусь даюць мейсцо Антосю. Антось паставіў бутэльку на стол, сьціскае рукамі галаву. Цело яго трасецца ад здушанаго плачу. Габрусь і Рыгор пераглядаюцца).
Габрусь (Рыгору) «Чарка ўсё на свеці робіць»… (Моцна задумываецца).
ЗАСЛОНА.
Зьява другая.
(Ноч у лесі. Ціш, жуда. З глыбіны лесу нясуцна ніясныя, таемныя зыкі. Крычыць сава: «Кі-гі! кі-гі!» У пушчы як бы хтось пераклікаецца: «Гу-гу-гууу!». З-за хмар калі-ні-калі выплывае месячык ды зноў нырае у хмаркі. Антось, Габрусь і Рыгор ідуць праз лес. Гарэлка водзіць Антося у бокі. Габрусь і Рыгор надтрымоўваюць яго.)
Антось. Стойця!.. стойця, сакалэ мае турэцкія! (Упіраецца, падаецца назад. Усе застанаўляюцца. Антось перастае дзівачыць, пільна углядаецца ў лес).
Рыгор. Тут у дзень нічога ні убачыш, а дзядзька у ночы хочыш нешта згледзіць.
Габрусь. Хадземо, дзядзька, памалу.
Антось. (Ціха, спаважна, нікога ні слухаючы). А ці ні здаецца вам, хлопцы… (прыслухіваецца). С с с!.. (падымае палец у гору. Габрусю раптоўна робіцца чагось страшна).
Габрусь. Ну, пашоў ужо вар‘яцець! Даўно пара быць дома… (да сябе). Згарэла-б яна, гэта гарэлка, і вы разам з ёю!
Антось. А ці ні здаецца вам, сынэ мае, што мы ні па тэй дарозе ідом, га? (Усе узіраюцца на дарогу).
Рыгор. Здаецца — тая, а можа і ні тая!
Габрусь. (З усьмешкою). А ці ні ўсё роўна нам? Мы даўно бадзяемося ні па тых дарогах, кудою ходзяць добрыя людзі.
Антось. Унь куды гне, злодзяй! (Бье злёгка па яго плечу). Ты праўду кажыш сын мой: сышлі нашы калёсы з калеінаў. Ну, і чорт іх бяры: як ні пакоцяцца, а за манапольку зачэпяцца. [Сьпевае.]
«Ой хадзем да дому, | Зарэжам ката, |
Ні скажам нікому, | Бо наш кот — сірата.» |
Габрусь [Злосна]. Ні вый ты, дзядзька: ваўкоў яшчэ пасклікаеш.
Антось. Гэ, брат, цяперашнім сьветам лепш з ваўкамі жыць, чым з людзьмі, бо што цяпер чалавек? Ноль! пацяруха!
Габрусь. Ну, годзі, годзі! Пойдзем, дзядзька!
Антось. [Штось успомніўшы]. Стой! стой! А я такі склічу ваўкоў, паваблю іх! Колісь, брат стражнікаваў, с князямі на мядзьведзяў хадзіў. О-о-о! [Бяжыць з дарогі у гушчар і вые па-воўчы, згарнуўшы кулаке ў трубу. Габрусь і Рыгор слухаюць. Антось вые, як воўк: вые доўга, сперша ціха, потым ўсё усіляе голас і канчае страшным, жудасным завываннем].
Габрусь і Рыгор [разам]. Кінь, дзядзька, бо ні добра слухаць — німа чаго жартаваць з імі.
Антось. (Сумна). І воўк у лесі ні хочэ адгукнуцца мне.
Габрусь. [Цягне Антося за рукаў]. Ну, хадземо, дзядзька, даволі дзівачыць!
Антось. Ідзі, дружэ! ці ж я цябе трымаю? А мне некуды. Каму я патрэбны!? А патрэбян, — то той і сам прыдзе да мяне, калі я яму патрэбян буду. [Памаўчаўшы]. Душа мая баліць, косьці скрыпяць, і кішкі бурчаць; трэба зрабіць папаску — ногі ні служаць. Садзіся, кампанія мая, чуць ні родная [садзіцца на дол, мацае кішэні]. Захапіў с сабою жывучэй і гаючай вады. [Дастае бутэльку з гарэлкай]. Во яна!
Габрусь [плюе і сярдзіта адварочваецца]. А каб ты смалы напіўся! Ну, кінь, дзядзька! дома выпьеш. [цягне Антося, той вырываецца].
Рыгор. Ну, ніхай сапачыне чалавек. Што ты прыстаў, як смала? Ні табе, здаецца, равеснік (Ласкавей). Пасядзімо крыху, пакурымо, сапачынем. (Садзіцца каля Антося, Габрусь адыходзіцца ад іх, разглядае мейсцо).
Антось. Ну, Рыгор: здароў будзь! [цягне з бутэлькі]. Вантробы яна ужо мне папаліла.
Рыгор. То на вошта яе піць?
Антось. [Ціха]. Ні магу… Ты ні ведаеш гэтага [Стукае ў грудзі]. Баліць у мяне, ссе мяне нешта, душа ные! Нейкі злы дух залез сюды і ні дае мне спакою! О, Божа літасьцівы! Дакуль будзе пакута мая? [Апускае галаву].
Габрусь. [Пакідае кампанію, ідзе па дарозі, прыглядаецца, прыслухіваецца]. Не, — зоймешся з імі, ніколі да дому ні трапіш. Але і праўда, ці тая гэта дарога? А спытаць німа у каго. (Раптоўна астанаўляецца: ў перадзі ніясна абазначаецца фігура. З мроку выходзіць чалавек, пад пахаю торба, у руках палка, ідзе падскокам, высока падымае ногі і громка тупае; зямля глуха аддае крокі нівядомага). Адкуль, чалавечэ?
Нівядомы. З багны — балота, з сухога чарота, дзе чэрці сьвятых спакушаюць.
Габрусь. (Спалохаўшысь). Ня ведаю, што гаворыш, чалавек! Ты мне скажы, куды зайду я, пайшоўшы па гэтай дарозі?
Нівядомы. На могілкі.
Габрусь. На якія могілкі?
Нівядомы. А на тыя, адкуль ніхто назад ні ходзіць.
Габрусь. Тьфу, згінь ты! (Хрысьціцца).
Нівядомы. А мне перадалі гасьцінчыку для цябе. На! [Згартае і дае Габрусю у нос фігу].
Габрусь. [Адскаківае. Нівядомы ідзе далей, заліваючыся ціхім рогатам]. Божэ мой! Куды зайшлі мы! [Ідзе да Антося і Рыгора. Антось сядзіць, як акамянелы, Рыгор ляжыць на сьпіні. Да Рыгора]. Рыгор, уставай, браток: Бог ведае, куды мы зайшлі. Тут страшнае мейсцо, і Бог адступіўся ад яго — тут прайшла здань, а можа і сам д‘ябал; ўласныя вочы маем бачылі яго!
Антось. (Падымае галаву, абводзіць вачыма селян і лес). Ты кажаш: «Куды мы зайшлі?» Вот тут і ёсьць точка! Хіба ж мы самі зайшлі? Нас вёў нехта, а мы, як сабакі на ланцугу, пакорна ішлі за ім.
Габрусь. Што ты, дзядзька! Ахамяніся!
Антось. [раптоўна зрываецца з мейсца, сьціскае кулаке, скрыгічэ зубамі, крычыць нема]. Вон! вон яе адгэтуль! (Бяжыць, як бы каго ловіць і хочэ рынуцца на яго).
Рыгор. [Трасе Антося] Дзядзька! дзядзька! Перахрысьціся ты, Бог с табою!
Антось. Я задушу яе, згубу маю!
Рыгор. Каго? Гэта у цябе здань, дзядзька, з гарачкі [Габрусь трасецца, як асіновы ліст, хрысьціцца сам і хрысьціць Антося].
Антось. Цеш, дзеткі, цеш! [Злосна]. Адступіся ад мяне: я душу прадаў чорту!
Габрусь і Рыгор. [Адскаківаюць, як апараныя] Што ты?.. А Божэ!..
Антось. (Углядаецца у цемянь). Вот яна, во! (паказывае рукою на гушчар). Стаіць, халернае мясо.
Габрусь. (Да Рыгора) Ты бачыш? Там хто-сь стаіць… варушыцца!
Рыгор. (Хаваецца за сьпіну Габруся). Пан Бог з намі, Дух Сьвяты! Тфу, згінь, прападзі! (Усе ў трох пазіраюць у лес. З гушчару павольна зьяўляецца жанчына. Ні рук яе, ні ног, ні твару ні відаць. У колькі кроках цень застывае).
Антось. Чаго ты прышла сюды? Што табе тут трэба?
Здань. А як табе сказаць? Прыйшлі мы да цябе на суд.
Антось. Хто — мы?!
Здань. Я і ява.
Антось. А чорт вашаго бацьку і мацеру ведае! Мала на сьвеці ўсякіх патаскух?
Здань. Ой, як ты лаешся! А яшчэ добры знаёмы!
Антось. Які я твой знаёмы? Брыда ты!
Здань. Ха-ха-ха! Вот табе і на! Ды ты ж без мяне ні воднага дня ні пражыў, ты, калі хочеш, крыху мой бацька.
Антось. А прападзі ты, такая дачушка!
Голас з лесу. Захочэш — і прападзе. Мяне то ты ні знаеш, але я ніадступна сную за табою, як твая цень, як верная служка твая; кожную мінуту шапчу я табе: «Кінь, Антось, сваю натуру, будзь ты чалавекам!
Антось. А гэта што яшчэ за прыяцель такі?
Здань. А ты і разваж нас… Мы даўно ужо калоцімся з ёю. Я — Манаполька, я — Выпівоха; яна — Цьвярозая пані.
Антось. [Трэ лоб]. Ну, загадаюць загадку, хоць Бэрку з бубляю кліч на падпамогу.
Здань. Гэта цьвярозая імасць пілуе мяне і пілуе. «Ты, — кажа — людзкая згуба, ты — нішчасьце людзкае.» Так гэта, ці не? Скажы па-праўдзі, Антоне: калі табе весяла і ты сьпеваеш — ці тагды, калі ты пьяны, ці тагды, як ты цьвярозы?
Антось. (Хітруе). Ні заўсюды чалавек сьпявае з радасьці. Быў у мяне знаёмы, дзяк Ралькоўскі, царство яму нябеснае: той сьпеваў заўсюды, бо ён з гэтага хлеб еў. Раз, беднаго падашукаў Антось Лузун. Панёс прадаваць дзякавы боты, каб разам прапіць іх. Боты то ён прадаў, але прапіў іх бяз дзяка і панюхаць таму ні даў. Пашоў дзяк хаваць умарлага, стаіць у выступках, холадна, троха ні плаче, а цягне: «Со святымі супакой!»
Здань. Ты ні тое гаворыш, што думаеш. Ну, што ж? Людзі заўсюды забываюць дабро. Але ж трэба быць справедлівым. Хіба забыўся, да каго прыхіляўся ты, калі табе было горка на душы? Помніш — быў пажар? Усё пагарэло, сам выскачыў з хаты, у чым стаяў, чуць жывымі былі выхвачаны дзеці, ні было за што рук зацяць, і ты хадзіў пануры, як бы на табе зямля лежала. А людзі вакруг былі так чэрствы на тваё горо, так чэрствы! І душа твая ачэрствела, ацьвярдзело тваё сэрцо, Божы сьвет стаў табе ні мілы, і ні рад быў ты жыццю. А хто усцешыў цябе? Хто адагрэў тваё сэрцо? Цьвярозым ты мейсца ні знаходзіў сабе, а выпіў — ты стаў другім чалавекам, і сьвет адмяніўся, і горо тваё паказалося жартамі.
Антось (стаіць унурыўшыся). Нечага сказаць, жыў Антось Лата, рай было яго жыцьце. У-у-х! У друзачкі пабіць… (пакорна). А каго? — (Схіляе голаў).
Рыгор. Згавары ты, дзядзька, пацеры і супакойся: гэта нічыстая сіла чмуціць цябе.
Габрусь. (Цягне Антося за руку). Хадзем борздзінька з гэтаго заклятаго мейсца!
Антось. Малецяся вы, а мяне Бог ні ўчуе. Грэшны я, сакалэ мае: і турэцкі бог ні захочэ з Антосям кампанаваць (махае рукамі). Адчапецяся ад мяне, хлопцы: я ўсім хачу насы уцерлі, і сам смаркатым застаўся.
Здань. Дык ці можна разлучацца нам с табою, мой дружэ, калі мы так моцна зьвязаны! І ні адно здарэнне у тваім жыцьцю ні адбывалося без мяне. Першы твой крык, каторым ты спатыкаў жыцьце, далетаў і да маіх вушэй, і я шла, як добрая госьця, і несла с сабою радасьць для ўсіх. Са мною заўсюды весялей, бо я разагрэваю кроў, адганяю сумныя думкі і развязываю язык. Ні наладзіцца справа, клічуць мяне, і я усіх пагаджу… Скажы ж, чалавечэ, ці маю я права на пашану людзкую?
Антось. (Круціць галавою). Складна гаворыш, як у сьцяну лепіш. Была у мяне рыжая сучка, то і тая так ні брэхала (рагочэ) Эх, Антось, Антось! Раскідаеш ты залатыя слоўкі, але хто зьбярэ іх? Паслухайця-ж мяне, мае прыхільныя прыяцелькі. Быў на сьвеці музыка-дудар. І меў ён дудку, ды такую прыўдалую і так яна жаласна іграла, што без плачу ніхто ні мог яе слухаць: такое сэрцо улажыў у яе дудар. Дык заўсюды іграла яна жаласна. А калі хто хацеў весялейшых сьпеваў, то для тых у дудку укладалі другое сэрцо… Ці была гэта дудка шчасьліва?.. Ты адбірала у мяне маё сэрцо, наліваючы вантробы мае гэтаю атрутаю… Чуеш ты? Я клічу у сьведкі гэту сляпую ноч, гэты лес адвечны, месячык ясны і далёкія зоры: будзь ты праклята! На вечныя векі праклінаю цябе, чортава служка!.. У апошні мой час вы прышлі насьміхацца з мяне. Вам мала насьміхання над цэлым маім жыццем. (З ні сваёю сілаю вырываецца з рук селян, і як пружына кідаецца на здань і падае на дол… Пачынае світаць, у лесі шарэе. Антось ляжыць, ні варушыцца. Габрусь і Рыгор падбегаюць да Антося).
Рыгор. Дзядзька, дзядзька!
Габрусь (у дзікім страху) Ніжывы! (Антось ляжыць ніцма. Габрусь і Рыгор стаяць паобапал, пазіраюць адзін на другога).
ЗАСЛОНА.