Перайсці да зместу

Сусьветная гісторыя (Астэрлёф, Шустэр)/Частка 3/Першы пэрыод/Трыдцацілетняя вайна

З пляцоўкі Вікікрыніцы
§ 8. Гугеноцкія войны і Гэнрых IV францускі § 9. Трыдцаціле́тняя вайна
Падручнік
Вальдэмар Астэрлёф, Язэп Шустэр
1922 год
Пераклад: Аркадзь Смоліч
§ 10. Рышэлье́ і Людвік XIV

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 9. Трыдцацілетняя вайна.

1. Пролёг (1607 - 1617). Ад часу аўгсбурскага міру. Нямеччына збольшага жыла спакойна, бо нямецкія Габсбургі доўгі час былі шмат больш толерантнымі, чым іхнія сваякі ў Гішпаніі. Брат Караля V, Фэрдынанд, навучаны сумным дасьведчаньнем, стаўся больш лагодным і прыхільным да згоды, а ягоны сын Максіміліян ІІ (1564-1576) не працівіўся таму, што навет у яго спадчанных краёх запанавала протэстанцтва, блізка саўсім выціснуўшы старую веру. Максіміліян быў чалавекам падобнага-ж пакрою, як Гэнрык ІV, і калі ён не перайшоў адкрыта на протэстанцкі бок, дык у гэтым вінаваты найбольш агідныя сваркі паміж прадстаўнікамі протэстанцтва. Тож-бо ў лютаранскай Саксоніі "збаламучаных кальвінскім чартом" садзілі ў васторгі, бралі на мукі, ды навет казьнілі.

Іначай дзéялася пры сыне Максіміліяна ІІ, Рудольфе ІІ. Узгадаваны пры гішпанскім двары, быў ён пад уплывамі езуітаў і дзеля гэтага адносіўся варожа да протэстанцтва ня толькі ў сваіх спадчынных краёх, але і ў Імпэрыі. Але быў ён монархам няўдалым, і яго няпрыхільнасьць для протэстанцтва была-б саўсім ня страшнаю, калі-б маладому князю Баварскаму, Максіміліяну I, узгадаванаму на гарачага каталіка і рваўшамуся да дзела, не захацелася іграць у Нямéччыне таé самае ролі, як Гізы ў Францыі.[1]

У лютаранскім месьце Донаўвэрт у 1607 г. здарыліся непарадкі з таé прычыны, што быццам протэстанты напалі на каталіцкую процэсію.

Карыстаючыся гэтым, кн. Максіміліян ад іменьня імпэратара заняў войскам гэтае места, затрымаў яго ў сваім валаданьні быццам дзеля сплаты яму ваенных коштаў і пачаў гостра прасьледаваць рэлігію і грамадзянскія вольнасьці.

Гэты гвалт, зроблены над вольным эвангеліцкім местам, збудзіў протэстантаў з дрымоты, на якую дазваляла ўперад пачуцьцё поўнае бясьпечнасьці.

За абарону ўзялася пакуль што толькі частка протэстантаў, а ўласьціва паўднёвыя, больш схіляючыяся да рэформаванае веры, тады, як чыста лютаранскія паўночныя протэстанты, варожа настроеныя да паўднёвых, трымаліся яшчэ збоку. Паўднёва-нямецкія протэстанцкія месты і князі на зьéзьдзе ў Ангаўзэн зрабілі протэстанцкі саюз або Унію дзéля супольнае абароны пад кіраўніцтвам электара Палятынату. Душою гэтага саюзу быў галоўны райчы кн. Палятынату, кн. Ангальцкі.

Гэны гарачы протэстант абаронную дзейнасьць хутка зьмяніў на зачэпную, зьвязаўшыся з Нідэрляндамі і Гэнрыкам ІV. А рабілася ўсё гэта якраз у той час, калі першы Бурбон прыгатаўляўся да бою з Габсбургамі за гэгемонію ў Заходняй Эўропе[2], а каталіцтву ў Нямеччыне, асабліва духоўным князём, пагражала паважная небясьпека. Падбураныя Максіміліянам, кн. Баварскім, духоўныя князі цераз год пасьля Уніі (1609) злучыліся з ім у саюз, называны каталіцкаю Лігаю, якая адразу-ж увайшла ў зносіны з гішпанскім урадам. Імпэратар і Габсбургскі дом не далучыліся да Лігі, таксама як чыстыя лютаране і саксонскі курфюрст не далучыліся да Уніі. Ужо тады чуць ня выбухнула рэлігійная вайна ў Нямеччыне. Неспадзяваная сьмерць Гэнрыка ІV адцягнула яе на нейкі час.

Крыху пазьней спынілася прасьледаваньне протэстантаў у Аўстрыі з прычыны сямéйнае спрэчкі ў дому Габсбургаў. Сваякі Рудольфа ІІ стараліся адабраць у яго ўладу, як у няпрытомнага, і перадаць ягонаму брату, амбітнаму Мацею. З гэтае прычыны пачалася звадка між братамі, з якое скарысталі протэстанты, дабіваючыся ад абодвух свабоды вызнаньня. Рудольф ІІ мусіў даць Чэхам рэлігійную волю, выдаючы г. зв. маестатычны ліст; гэты ліст разам з усімі грамадзянскімі вольнасьцямі зацьвердзіў Мацей, як толькі яму ўдалося выдаліць з краю брата. Аднак, пачуўшы сябе, пасьля сьмерці Рудольфа ІІ (1612), безсупярэчным валадаром кароны і атрымаўшы тытул імпэратара, ён стараўся ўсякімі выкрутамі скасаваць ці хоць аслабіць імпэратарскі ліст, каб зьніштожыць у краю протэстанцтва.

Пачалі зачыняць цэрквы, пабудаваныя протэстантамі; у протэстанцкіх вёсках садзілі каталіцкіх духоўнікаў; усé-ж скаргі ў Вéне адкідаліся.

2. Чэскае паўстаньне (1618-1620). Мацей шчыра падтрымліваў каталікоў і ў іншых аўстрыяцкіх краëх. Станы ўсіх аўстрыяцкіх краёў імкнуліся да больш цéснага злучэньня ў адну цэласьць; калі-ж імпэратар на гэта не згадзіўся, яны пачалі знасіцца з протэстанцкаю Уніяй. Мацей быў ужо стары і бязьдзéтны; дзеля гэтага ў сям'і пастанавілі старацца, каб ужо пры яго жыцьці наступнікам для Чэхіі і Вэнгрыі быў прызнаны малады кн. Фэрдынанд, з Штырыйскае лініі Габсбургаў[3]. Быў-жа гэта, як і сябра ягоных маладых гадоў, Максіміліян Баварскі, гадунец і фанатычны прыхільнік езуітаў. Некалісь, у часе багамольнае падарожы, ён абяцаўся, што ў сваіх спадчынных краёх згняцé ўсякую гэрэзію, хоць бы іх для гэтага прышлося абярнуць у пустыню. Ён ужо зрабіў пачатак выпаўненьня свайго пляну ў Штырыі, грунтоўна цярэблючы там протэстанцтва пры дапамозе капуцынаў і езуітаў. Вéдама, такі кандыдат на карону ня вельмі падабаўся ў Чэхіі ды Аўстрыі; але як ён пацьвердзіў маестатычны ліст, дык яго і прызналі каралём чэскім.

Ледзь толькі Фэрдынанд надзéў на галаву сваю чэскую карону, як распачаў прасьледаваньні горшыя, чым калі бывала. Калі пражскі арцыбіскуп без усялякае прычыны загадаў разбурыць адну протэстанцкую царкву, а Мацей на скаргі протэстантаў адказаў пагрозамі, тады правадыры чэскае шляхты з гр. Турнам на чале скіраваліся конна ў Прагу, ўварваліся на замак і тамака двох найбольш ненавісных намесьнікаў, Марцініца і Славату, разам з іхнімі пісарамі выкінулі праз вакно ў глыбокі замковы роў (на 60 стоп). У хуткім часе ўвесь край быў абхоплены агнём паўстаньня.

Калі пасьля Мацея, які ў тым часе памёр, выбралі ў Франкфурце імпэратарам Фэрдынанда ІІ, чэскі сойм абвесьціў, што скідае яго з свайго каралеўскага пасаду, і выбраў за караля Фрыдрыка V, электара Палятынату. Фэрдынанд апынуўся ў трудным палажэньні; усюдых у ягоных краëх кіпела паўстаньне, а грошай, каб выставіць адпаведнае войска, ён ня меў.

Тады Максіміліян, кн. Баварскі, запрапанаваў яму помач лігі, якая мела добра ўзброенае і вымуштраванае войска і слаўнага ваяводу, бэльгійца Тільлі, вучня кн. Фарнэзэ. Унія-ж Фрыдрыку V, які прыняў чэскую карону, помачы не дала, а найдужэйшы з протэстанцкіх князёў, саксонскі курфюрст, праз ненавісьць да кальвініста-палятына, прылучыўся да імпэратара.

У генэральнай бітве пад Бéлай Гарою (каля Прагі) (1620) паўстанцы былі саўсім разьбіты. Фрыдрык V, чалавек з ня надта бліскучымі здольнасьцямі і слабой энэргіяй, заместа таго, каб бараніцца ў умацаванай Празе, уцёк у Голяндыю. Чэхі, астаўшыся без галавы, паддаліся. Тады пачаўся страшны суд. Сказьнілі 27 правадыроў; многа шляхты і мяшчанства конфіскацыяй іх маêтнасьцей былі абéрнуты ў жабракаў; вольнасьці краю зьніштожаны. Фэрдынанд ІІ ўласнымі рукамі падзёр маестатычны ліст. Протэстанцкіх прапаведнікаў павыганялі з краю, а на іх месца цэлымі масамі наплывалі езуіты і іншыя манахі; там, дзе намова апошніх не памагала, наварачаньне на каталіцтва даручалася бандам жаўнераў, якіх пасылалі на пастой у протэстанцкія хаты. Такім чынам каталіцкая царква дабілася трыумфу: звароту бацькаўшчыны Гуса на сваё ўлоньне.

Гэтак сама сталося і ў іншых аўстрыяцкіх краëх; толькі ў Вэнгрыі протэстанцтва ня было саўсім зьніштожана.

3. Вайна ў Палятынаце. (1621 - 1623). Чэскае паўстаньне было толькі пачаткам пажару, які ў хуткім часе абняў усю Нямеччыну; прычынаю яго была помста Фэрдынанда і амбіцыя Максіміліяна. Цяпер трэба было адабраць ад "зімовага караля" (Фрыдрык V быў каралём толькі адну зіму) яго спадчынны край — Палятынат, бо імпэратар, у аддзяку за прыслугі, абяцаў свайму прыяцелю Максіміліяну становішча электара Палятынату. На Фрыдрыка V была наложана баніцыя; протэстанцкая Унія, заместа таго, каб бараніць свайго хаўрусьніка, спалохалася войскаў Лігі і саўсім развалілася. Ніжні, надрэйнскі Палятынат часткамі займалі гішпанскія войскі, бо Ліга была зрабіла хаўрус з Гішпаніяй. У сумéжным з Чэхіяй Палятынаце вëý вайну гр. Мансфэльд, ваявода, які быў на службе ў чэскіх станаў.

Гр. Мансфэльд стаўся прыкладам партызана часоў трыдцацілетняе вайны. Тады вайсковая справа ўсюдых была рамяслом. Каму былі патрэбны жаўнеры, той, як цяпер наймаюць работнікаў на жніво ці на будоўлю дамоў або дарог, наймаў іх дзеля вайны, умаўлаючыся з прадпрыемцам-правадыром, які сам, або праз сваіх ротмістраў вербаваў жаўнераў і толькі тады атрымліваў умоўленую для іх плату, калі прыводзіў гатовае ўжо войска. Мансфэльд, якому чэскія станы не плацілі, бо ня мелі чым плаціць, першы паказаў, што можна утрымаць войска і бяз платы, карыстаючыся рэквізіцыямі і рабункамі. Гэты спосаб пасьля знайшоў шмат насьледавальнікаў. Ужо ў тым самым часе і ў тым самым Палятынаце гэтак рабілі некалькі дробных князёў (маркграф Бадэнскі, Крыштын Бруншвіцкі). Ваявода Лігі, Тільлі, усіх іх пачарзе разьбіў і, разам з Гішпанцамі, заняў надрэйнскі Палятынат (1623). І вось над зруйнаваным вайною краем паднялася заслона для трагікомэдыі, якую называюць прымусовым наварачаньнем.

4. Ніжнесаксонская вайна. Валенштэйн і ягоная армія. Пад ударамі супраціўнікаў падала протэстанцтва ў Паўднёвай Нямеччыне; зьмены-ж, якія былі зроблены паміж электарамі, давалі поўную перавагу каталіком ў электарскай колегіі. Аднавіўся саюз абедзьвюх лініяў Габсбургаў, а гішпанская ўлада над верхнім Рэйнам адразу паднялася.

Тільлі гнаў Мансфэльда і кн. Брунсьвіцкага аж да Вэстфаліі. Але замéста таго, каб, прагнаўшы іх, самому пачаць адступленьне назад, ён пачаў адбіраць цэрквы ў протэстантаў, садзіць тамака езуітаў і г. д.

Тады князі і месты Ніжняе Саксоніі (гэтак называлі стары саксонскі край паміж Вэзэрам і Эльбаю), пад кіраўніцтвам Крыштына ІV, князя Гольштынскага і караля Даніі, пачалі бараніцца. Адначасна выступілі з Голяндыі і Мансфэльд з кн. Брунсьвіцкім на чале войска, толькі што навербаванага за голяндзкія, англійскія і францускія грошы. Ліга не магла зраўняцца сілаю з гэткім саюзам, а імпэратар, чалавек досіць лёгкадумны, як і заўсёды, гатоўкі ня меў, дык і войска сабраць ня мог.

У гэтую крытычную мінуту вывеў яго з клопату чэскі шляхціц Альбрэхт Вальдштэйн, называны звычайна Валенштэйнам, які даў імпэратару армію, навербаваную спосабам Мансфэльда. Гэты чалавек, верна стоючы пры Фэрдынандзе ІІ, ня гледзячы на процілежнасьць гэтага да інтарэсаў яго родзічаў, вельмі заслужыўся каралю, як ваявода коньніцы. Пасьля перамогі ён атрымаў значныя нагароды з сконфіскаваных маетнасьцей і, скупляючы за бязцэнак яшчэ шмат іншых (быццам-то навет за фальшывыя грошы), стварыў сабе абшырныя валаданьні - Фрыдлянд і атрымаў ад імпэратара тытул князя Фрыдляндзкага.

Валенштэйн заявіў імпэратару, што зьбярэ для яго вялікія вайсковыя сілы, якія нічога ня будуць яму каштаваць, бо плату для сябé яны будуць самі зьбіраць з рабункаў, або з рэквізіцыяў. Хутка Валенштэйн распачаў вярбоўку. З усіх канцоў сьвету пачалі наплываць на голас барабану прагавітыя на кроў і рабунак грамады людзей, і з гэтае зьбераніны Валенштэйн, гэты майстар жаўнерскае штукі, у надзвычайна кароткім часе зрабіў войска, здатнае да бою. Праз час вайны гэтых разбойных бандаў прыбывала ўсё больш і больш.

Для Валенштэйнавых ваякаў надзяваць дзяцей на пікі, абсякаць сялянам насы, вушы і ногі, пушчаць з дымам цэлыя месты-было мілаю забаваю. Валенштэйн дзяржаў іх у срогай дысцыпліне і поўным послуху ў-ва ўсім тым, што датыкалася вайсковае справы; ў-ва ўсім-жа іншым даваў ім поўную волю (на рабункі і забойствы!). Войскам ён рупна апекаваўся, выбіраў для яго найлепшыя кватэры; займаючы заўсёды ўмацаваныя пазіцыі, ён прыймаў бітву толькі тады, калі быў пэўны, што пераможа. Дзеля гэтага ў хуткім часе ён зрабіўся вельмі популярным сярод сваіх жаўнераў і здабыў сабе славу непераможнага ваяводы.

Валенштэйн пачаў сваю дзейнасьць з таго, што ўвёў сваю армію ў валаданьні магдэбурскага арцыбіскупства для зьбіраньня контрыбуцыі і рэквізіцыяў. Далей ён на ўмацаванай пазіцыі ля мосту на Эльбе, пад Дэсаў, разьбіў Мансфэльда, які, наняты за англійскія грошы, мéўся выступаць у лучнасьці з каралём данскім, Крыштынам ІV.

Валенштэйн гнаў Мансфэльда праз Сілезію ў Вэнгрыю, дзе той у хуткім часе і памёр. Вярнуўшыся ў Сілéзію, ён усьмірыў тамтэйшыя месты і правёў срогія рэпрэсіі.

А тым часам Тільлі разьбіў данскага караля каля паўночнага падножжа Гарцскіх гораў (1626). Далейшую працу ў данскай вайне ваяводы падзялілі між сабою гэтак, што Тільлі выпала цяжкая і няўдзячная аблога ўмацаваных местаў ніжня-саксонскага вокругу, а Валенштэйн выбраўся ў пагоню за Крыштынам ІV у Гольштын і Шлезьвік і ў хуткім часе заняў усé данскія валаданьні на сухаземлі, так што данскаму каралю аставаліся толькі астравы, куды нельга было дабрацца бяз флëту.

Каб захапіць балтыцкія порты, Валенштэйн заняў княжствы Мэкленбург і Памор'е, хаця-ж яны і ня бралі ніякага ўчасьця ў вайне. Валенштэйн, якога імпэратар зрабіў адміралам („генэралам") Балтыцкага Мора і Акеану, мéўся стварыць вялікі флёт, каб пакарыць Голяндцаў і Швэдаў і аддаць паўночную Эўропу пад панаваньне Габсбургаў. Ідучы да гэтае мэты, ён дамагаўся, каб прыморскія месты прынялі да сябе гарнізоны імпэратарскіх войскаў. Мéсты гэтыя, як маглі, упіраліся проці гэтага дамаганьня, бо ўсюдых добра вéдалі звычаі Валенштэйнаўскіх войскаў: цяжкія дастаўкі, рэквізіцыі і рабункі жаўнераў. Толькі дзе-не-дзе ўдалося Валенштэйну пагрозамі дабіцца прыняцьця гарнізонаў. Штральзунд, добра ўфортыфікаванае ды падтрымліванае Шведамі места, даў адважны адпор ягоным сілам. І хоць ён выхваляўся, што здабудзе гэтае места, хоць бы яно было ланцугамі прымацавана да неба, але ў канцы мусіў адступіць, страціўшы пад мурамі места 12000 людзей (1628). Гэтая няўдача прымусіла яго зрабіць мір з Крыштынам ІV. Каралю былі вернены ўсе ягоныя валаданьні, за што ён павінен быў абяцаць немяшацца больш да нямецкіх спраў, зрачыся ўсякіх прэтэнсій на духоўныя княжствы і прызнаць усé тэрыторыяльныя зьмены ў ніжня-саксонскім вокрузе.

Валенштэйн у нагароду атрымаў княжства Мэкленбурскае і такім чынам стаўся адным з найбольш значных князёў Імпэрыі. Але ўсё-ж ягонае становішча выклікала вялікае нездаволеньне сярод князёў і давяло да раздваеньня ў згодным дагэтуль каталіцкім лагеры.

5. Спрэчка Фердынанда ІІ з Лігаю; рэстытуцыйны эдыкт (1629); адстаўка Валенштэйна. Да таго часу, пакуль на гістарычную арэну ня выступіў Валенштэйн, інтарэсы імпэратара, дынастыі Габсбургаў і Лігі былі згодныя з сабою.

Перамога протэстантаў у спадчынных аўстрыяцкіх краёх моцна пагражала ўсім каталіцкім князём, і затым Максіміліян з Лігаю гэтак стараліся памагчы імпэратару усьцішыць чэскае паўстаньне. Але для імпэрскіх князёў ня менш небясьпечным, ня гледзячы на іхняе вызнаньне, быў вялізарны ўзрост улады імпэратара, які ўжо мéў сваю армію і свайго ваяводу, чаго ад часу Караля V не здаралася. Дый гэтага мала. Валенштэйн казаў адкрыта, што не супачыне, пакуль імпэратар ня будзе гэткім самым гаспадаром у Нямеччыне, як францускі кароль-у Францыі. Ён разсылаў сваіх вярбоўшчыкаў на абшары ўсіх імпэрскіх князёў і ўсюдых трэбаваў, каб ягоным войскам давалі ўтрыманьне і кватэры. Таксама казаў Валенштэйн, што ўсé князі, каталіцкія і протэстанцкія, павінны слухацца імпэратара, як свайго валадара і пана, які пры помачы сваёй арміі можа іх і прымусіць да пакоры; з другога боку, ён уважаў, што, калі князі будуць паслухмяныя імпэратару, дык ім трэба забясьпечыць незачэпнасьць іхняе маемасьці і рэлігійную свабоду.

Думкі Валенштэйна ў справе рэлігійнай ня зыходзіліся з жаданьнямі каталіцкіх князёў і Лігі, якія хацелі адабраць у протэстантаў усé захопленыя імі пасьля пасаўскага замірэньня маетнасьці і княжствы; бо замірэньне гэнае толькі пацьвярдзіла даўнейшыя захваты. Імпэратар Фердынанд ІІ стараўся пагадзіць гэтыя супярэчнасьці, каб і затрымаць пры сабе Валенштэйна, і ад протэстантаў паадбіраць тое, што яны пазаймалі ўжо пасьля рэлігійнага міру. Дзеля гэтага ён выдаў рэстытуцыйны эдыкт (1629), на моцы якога 2 арцыбіскупствы, Магдэбург і Брэмэн, 12 біскупстваў у Нямеччыне і больш за 100 аббацтваў ды іншыя царкоўныя маемасьці, пазайманыя протэстантамі, загадаў вярнуць каталіком; у Імпэрыі дазволена было жыць толькі лютаранам, а кальвіністам-нé. Аўгсбурская міравая ўмова гэтаму выключэньню нелютаранаў надавала быццам нейкі цень законнасьці. Такім чынам, ня толькі ўсé кальвінскія краі былі пакінуты вонках закону, але і ў чыста лютаранскай паўночнай Нямеччыне шмат даўнейшых духоўных земляў дасталося-б ізноў пад панаваньне каталіцкіх біскупаў ды арцыбіскупаў, якім імпэратар саўсім выразна даў права прымушаць сваіх падданных да прыняцьця каталіцтва.

Што тут ішло аб зьніштажэньне протэстанцтва, было відаць хоць-бы з адносінаў да вольных местаў, асабліва-ж да Аўгсбурга, дзе забаронена было адпраўляць протэстанцкія набажэнствы. Протэстанты голасна протэставалі, але толькі адзін Магдэбург адважыўся даць рашучы адпор. Князі ў той самы час голасна жаліліся на Валенштэйна, што ён, ня глéдзячы на падпісаны ўжо мір, павялічуе свае войскі з вялікай крыўдай і небясьпекай для князёўскіх абшараў. Імпэратар на зьéзьдзе ў Ратызбоне, хочучы прыхіліць электароў да таго, каб яны выбралі ягонага сына за рымскага караля, згадзіўся ўрэшце на дамаганьні князёў і адабраў ад Валенштэйна камандаваньне.

Блізка ў тым-жа часе на Памор'і зьявіўся новы абаронца протэстанцтва, швэдзкі кароль Густаў Адольф, унук Густава Вазы. Гэта быў адважны і дазнаны ваявода; ягоныя войскі, добра дысцыплінаваныя і выпрактыкаваныя ў шмат якіх войнах і бітвах, былі захоплены рэлігійным протэстанцкім духам і дужа любілі свайго правадыра.

6. Высадка Густава Адольфа. Бітвы пад Лейпцыгам і Люццэнам. (1630-1632). Густаў Адольф, як шчыры протэстант, хацеў даць помач прыгнечаным аднаверцам у Нямéцкай Імпэрыі; таксама і інтарэсы ягонага ўласнага краю, як здавалася, вымагалі хуткага дзеяньня: бо імпэратарскія войскі ўжо былі стаялі на паўночных узьбярэжжах Нямеччыны, і не хапала толькі караблёў, каб у скандынаўскіх гаспадарствах сілай аружжа скасаваць палітычныя і рэлігійныя вольнасьці. Густаў Адольф думаў, што найлягчэй яму будзе збавіцца ад небясьпекі, калі сам першы распачне вайну, а Рышэльé, вялікі міністар Францыі, які баяўся перавагі Габсбургаў, яшчэ падгавараваў яго, сулячы да таго-ж значную помач у будучыне.

Густаў Адольф з 15.000 войска высадзіўся на востраве Узэдом, заняў Памор'е і Мэкленбург, дзе імпэратарскія войскі, астаўшыся без правадыра, не маглі яму даць адпору. Пасьля пасьпяшыў ён на помач Магдэбургу, якога аблягаў Тільлі. Брандэнбурскі і саксонскі электары, забыўшыся аб інтарэсах сваіх аднаверцаў, ня толькі не хацелі далучыцца да яго, але навет не прапускалі праз сваé землі. Гэтая ганебная палахлівасьць протэстанцкіх князёў сталася прычынаю загубы Магдэбургу. Тільлі здабыў штурмам гэтае места, якое да апошняе часіны баранілася з гэроізмам адчаю, высек у пéнь блізка ўсё яго насяленьне, а ўканцы пусьціў па ім гуляць агонь. Пераможнік даносіў у Вéну: "Ад часоў разбурэньня Троі і Ерусаліму ніхто ня бачыў гэткае вікторыі"...

Абураны гэткім дзікунствам Густаў Адольф пагрозамі прымусіў брандэнбурскага электара, каб той далучыўся да яго. Калі-ж Тільлі хацеў гэтак сама зрабіць з саксонскім электарам, дык той сам ужо аддаўся пад загад швэдзкага караля.

І вось пад Лейпцыгам сустрэліся два супраціўнікі. Тільлі, які дагэтуль выйграў тры бітвы, ня мог зраўнавацца ў ваенным дзеле з Густавам Адольфам і быў ганебна разьбіты.

Палажэньне адразу-ж зьмянілася. Густаў Адольф, усё перамагаючы ў сваім паходзе, пасьпяшыў на захад, над Рэйн, каб вызваліць 3 міліёны протэстантаў у краёх над Рэйнам і Майнам. Адтуль ён пайшоў у Баварыю. Надарэмна Тільлі прабаваў загарадзіць яму дарогу, стаўшы над р. Ле́хам пры ягоным утоку ў Дунай; ён быў ізноў разьбіты, ды яшчэ і ранены на сьмерць. Не дапускаючы ніякіх гвалтаў над насяленьнем, Густаў Адольф увайшоў у Мюнхэн.

Ён ужо думаў аб тым, каб эвангеліцкую Нямеччыну злучыць у моцны саюз пад сваёю апекаю, а можа навет абвесьціць сябе імпэратарам. Тады Фэрдынанд і Максіміліян, бачачы сваю бяду, зьвярнуліся да адзінага чалавека, які ім мог памагчы — да Валенштэйна, які, пасьля свае дымісіі, адпачываў у сваіх чэскіх мае́тнасьцях. Валенштэйн доўга адгаварваўся, але ўканцы згадзіўся вербаваць войска і выступіць, аднак з тэй умовай, што ён будзе мець неабмяжованую найвышнюю ўладу ў войску. Імпэратар павінен быў саўсім не мяшацца ў справу вядзеньня вайны; апрача таго, у прыпадку, калі-б Мэкленбург быў утрачаны, Валенштэйн атрымаў-бы іншае гаспадарства ў Імпэрыі.

Густаў Адольф чакаў новага супраціўніка пад Нюрнбэргам. Праз некалькі тыдняў два ворагі стаялі адзін проці аднаго ў добра ўмацаваных лагярох; уканцы кароль, з прычыны недахвату провіянту, кінуўся на варожыя акопы, але быў адбіты. Тады ён выйшаў зь лягеру і скіраваўся з сваім войскам у Баварыю, спадзяючыся, што Валенштэйн пагоніцца за ім усьлед. Той, аднак, паслаў у Баварыю толькі электара Максіміліяна, сам-жа скіраваўся ў Саксонію, каб сілай прымусіць электара пакінуць Густава Адольфа і далучыцца да імпэратара. Атрымаўшы гэтую вестку, швэдзкі кароль таксама зьвярнуўся на поўнач, дагнаў Валенштэйна пад Люццэн (на паўночны захад ад Лейпцыгу) і прымусіў яго прыняць бітву ў імглістую лістападавую раніцу (1632). Войскі імпэратара пасьля няўдачных для іх рэзультатаў бітвы ўжо зьбіраліся адступаць, калі адважны генэрал коньніцы Папэнгэйм прыскочыў з сваімі сьвежымі палкамі і, рызыкуючы ўласным жыцьцём, прымусіў войска стрымацца. Тады Густаў Адольф кінуўся ў самы вір барацьбы і знайшоў сабе́ сьмерць, прабіты некалькімі кулямі. Замест яго галоўную команду ўзяў кн. Бэрнар Вэймарскі. Раз’юшаныя стратаю свайго улюбленага правадыра Швэды біліся вельмі заўзята і бліскуча перамаглі ворагаў. Разьбіты Валенштэйн быў прымушаны адступіць у Чэхію. Але для протэстантаў і Швэдаў сьмерць Густава Адольфа была неўзваротнаю стратаю.

7. Палажэньне пасьля сьмерці Густава Адольфа. Сьмерць Валенштэйна (1634) і мір у Празе (1635). Адзіным трывалым рэзультатам кароткае дзéяльнасьці Густава Адольфа ў Нямеччыне было тое, што, дзякуючы яму, Швэдзія зрабілася першаю мілітарнаю сілаю ў Сярэдняй Эўропе, стаўшыся прыкладам ваеннае організацыі, насьледаваным па ўсім сьвеце. Войскі Густава Адольфа ўжо ня былі выключна швэдзкімі; яны складаліся ў большай часьці з нямецкіх войск пад нямецкаю камандаю.

За шасьцігадовую дачку Густава Адольфа пачаў вясьці палітычныя справы швэдзкі канцлер Оксэнштьерна. Гэта быў выдатны дзяржаўны дзеяч, якому карольнябожчык давяраў усе свае палітычныя пляны. Але яго ня слухаліся швэдзкія генэралы, а яшчэ менш-нямецкія протэстанцкія князі. Дзеля гэтае прычыны даўнейшая адзінасьць і вайсковая сіла протэстантаў аслабéлі. Аднак, усé адчувалі патрэбу нейкае організацыі, і затым была створана протэстанцкая Ліга, якую завязалі ў Гэйльброне (1633) станы чатырох акругоў Нямеччыны і Шведы, каб разам весьці вайну і дзяліць здабычу. Камандаваць войскам мéліся Бэрнар Вэймарскі і адзін з швэдзкіх генэралаў (наўпéрад Горн), палітычнае-ж кіраўніцтва асталося ў руках Оксэнштьерны. Гэйльбронскі саюз умовіўся з Францыяй, і Рышэльé абяцаўся і надалей даваць падмогу грашмі, абы толькі не дапусьціць, каб дзе-небудзь над Рэйнам умацаваліся Гішпанцы. Затое саксонскі электар, вельмі няпрыхільны да саюзу з Францыяй, паціху ўмаўляўся з Валенштэйнам.

А Валенштэйн пасьля свае няўдачы пад Люццэнам скіраваўся ў Чэхію быццам дзеля таго, каб вярбоўкаю узмацаваць сваё значна пацярэбленае войска, ды там і аставаўся, нічога ня робячы. Ён яшчэ не забыўся аб крыўдзе, якая была яму зроблена імпэратарам, не забыўся аб сваёй адстаўцы і падумаваў, карыстаючыся з свайго высокага становішча, як-бы памсьціцца на імпэратары і Імпэрыі, ды разам з тым здаволіць сваю прагавітую амбіцыю; разьлічаў ён пры гэтым на армію, якая, як ён думаў, была аддана яму душою і цéлам. Думаў ён аб становішчы электара, або аб чэскай кароне. Дзеля гэтага ён патаемна пробаваў завязаць зносіны і з саксонскім электарам, і з Шведамі, і навет з Французамі, але ні ў каго не знайшоў веры.

Імпэратар, якога з усіх бакоў перасьцерагалі перад Валенштэйнам, ужо быў перакананы, што той яго здраджае, але баяўся выразна аб гэтым заявіць, бо лічыў такі крок небясьпечным. І толькі тады, калі Валенштэйн у Пільзэне зажадаў ад сваіх падкамандных пісанага забавязаньня і прысягі, што яны будуць слухацца выключна толькі яго, толькі тады імпэратар выдаў тайны загад, якім пазбавіў Валенштэйна камандаваньня. А пасьля, пераканаўшыся, што войска будзе слухаць не Валенштэйна, а яго, імпэратар адкрыта парваў з Валенштэйнам і абвесьціў яго бунтаўніком.

Пакінуты большасьцяй сваіх генэралаў і жаўнераў, Валенштэйн пачаў адыходзіць да граніцы, да войскаў кн. Вэймарскага; аднак, ён не пасьпеў ужо там схавацца, бо быў забіты сваімі ахвіцэрамі (1634). Імпэратар, хаця і не загадаваў забіваць Валенштэйна, але пасьля яго сьмерці сконфіскаваў маéтнасьці яго і нагарадзіў імі тых генэралаў, якія перайшлі былі на яго бок.

Войскі Валенштэйна былі яшчэ ў гэткім добрым стане, што навет пад слабою камандаю сына імпэратара, фэрдынанда, у бітве пад Нэрдлінген (1634) разьбілі Швэдаў і Бэрнара Вэймарскага, прымушаючы апошняга адступіць з паўднёвае Нямеччыны. Тады пачаліся перагаворы паміж імпэратарска-каталіцкаю партыяй і значнейшымі імпэрскімі князямі, на чале якіх стаялі электары саксонскі і брандэнбурскі. У канцы быў падпісаны мір у Празе (1635), які аднаўляў варункі аўгсбурскага міру; прызнаў ён гаспадарствам Імпэрыі вольнасьць аўгсбургскага вызнаньня, a спаўненьне рэстытуцыйнага эдыкту спыніў. Дзеля гэтага большасьць протэстанцкіх гаспадарстваў адпала ад Швэдаў і далучылася да імпэратара.

8. Апошнія гады трыдцацілетняе вайны. Тагачасны кіраўнік францускае палітыкі, кардынал Рашэльé[4], лічыў мамэнт пражскага міру адпаведным, каб абвесьціць вайну Аўстрыі і Гішпаніі. Швэды ня выходзілі з Нямеччыны, дый ня ўсé імпэрскія князі далучыліся да пражскага міру. Тут ня было ўжо і мовы аб вайнé рэлігійнай; Францыя змагалася, каб аслабіць Габсбургаў, Габсбургі-каб выратаваць сваё загрожанае палітычнае становішча, Баварыі патрэбны былі электарскія правы, а Швэдам-слава і здабыча. Да таго-ж ніводнае з гаспадарстваў не сьпяшалася канчаць вайну, бо яна ішла коштам нямецкага народу. За апошнія гады вайна што раз, то ўсё больш прыймала характар руйнуючы і дзікі; увесь час расла жорсткасьць і лютасьць жаўнераў, прагавітасьць ахвіцэраў і ваяводаў; вайсковая дысцыпліна пахіснулася да апошніх межаў, і швэдзкія жаўнеры, ў часы Густава Адольфа гэткія дысцыплінаваныя, цяпер гаспадарылі ў Нямеччыне, як у варожым краі: мучылі, рабавалі, забівалі, палілі ня горш за імпэратарскія войскі. Нямеччына абярталася ў бязлюдную пустыню. На месцы даўнейшых местаў і вёсак аставаліся толькі руіны; поле ўсюдых ляжала дзірваном.

Неўзабаве пасьля пражскага міру зыходзяць са сцэны апошнія дзеячы пачатку вайны. „Зімовы кароль" памёр яшчэ раней на чужыне; у хуткім часе пасьля міру памёр і Фердынанд ІІ. Ягоны сын і наступнік, Фердынанд ІІІ (1637-1657), быў вельмі падобны да бацькі, асабліва з боку свае прававернасьці. Толькі адзін Максіміліян Баварскі, гэты рэжысэр крывавае трагедыі, што адбылася на сусьветнай арэне, і тварэц каталіцкае Лігі, дажыў да канца вайны і пабачыў рэзультаты яе ў Баварыі.

З аднаго боку, Швэды ўвесь час урываюцца ў сярэднюю і навет паўднёвую Нямеччыну; ня гледзячы на тое, што іх неўзабаве былі выперлі ж на узьбярэжжа Балтыцкага мора, былі яны ўсёж вельмі дужыя мілітарна і вымагалі значнае тэрыторыяльнае нагароды для Швэдзіі. З другога боку, Францыя ўжо саўсім не хаваецца з тым, што імкнецца да апанаваньня габсбурскіх валаданьняў над верхнім Рэйнам, у Альзасе.

Для Францыі вайна ў Нямеччыне-гэта толькі эпізод яé вайны з Гішпаніяй за перавагу на Захадзе. Разам з ёю тут ідуць тыя нямéцкія князі, якіх ня мог здаволіць пражскі мір і якія далучаліся да Францыі дзеля сваіх уласных інтарэсаў. Найвыдатнейшым з такіх князёў быў Бэрнар Вэймарскі, якому хацелася за францускія грошы здабыць для сябé, адабраўшы ад Габсбургаў, княжства над Рэйнам. Рышэлье не шкадаваў яму дапамогі, і ён крок за крокам заваладаў Альзасам і Брызгаў. Ня гледзячы на падмогу, меў ён у адносінах да французаў пэўную незалежнасьць; але пасьля яго сьмерці (1639) ягоныя войскі аддалі ўсе крэпасьці прысланым з Францыі камэндантам, ды самі пайшлі пад іх загад.

Для французаў вайна ў Нямеччыне была проста вайсковаю школаю, у часе яе яны пазнаёміліся з усімі паляпшэньнямі ваеннае тэхнікі, якія ўвялі ў сябе Швэды. Дзякуючы гэтаму, Французы выперадзілі Гішпанцаў у ваенным дзéле і пасьля іх перамаглі. Перамога Французаў над Гішпанцамі пад Рокруа (1642) сталася пачаткам велічы і вайсковага панаваньня Францыі на Захадзе.

Пасьля заняцьця Альзасу імпэрскія князі былі прымушаны пакінуць імпэратара і, злучаючыся з Францыяй, дамагацца ад яго, каб зрокся Альзасу і разарваў саюз з гішпанскай лініяй Габсбургаў.

Не абмежуючыся поўначай Нямéччыны, Швэды ўвесь час урываліся ў глыб яе і пад камандаю сваіх адважных ваяводаў (Горн, Банэр, Врангель, Торстэнсон) няраз мелі значныя перамогі. Зачэпленыя імі князі былі прымушаны або абвяшчаць сябе нэйтральнымі, або навет далучацца да іх, як гэта зрабіў брандэнбурскі электар. Чым даўжэй цягнулася вайна, тым больш слабеў імпэратар і ягоныя саюзьнікі, Французы-ж зайшлі ў глыб Баварыі, а Швэды дайшлі аж да Прагі. Нялёгка, праўда, і ім даводзілася, бо з зруйнаванае да астатку Нямеччыны нічога больш нельга было выціснуць. Дык-жа пачалі ўмаўляцца аб міры. Некалькі гадоў ішлі гэтыя гутаркі ў двох біскупскіх местах у Вэстфаліі: Оснабрюку і Мюнстэры, і ўканцы быў падпісаны г. зв. Вэстфальскі мір (1648), які зрабіў канец трыдцацілетняй вайне і ўпарадкаваў тэрыторыяльныя, царкоўныя і палітычныя адносіны.

9. Міравыя ўмовы і рэзультаты трыдцацілетняе вайны. Звычайна ў трыдцацілетняй вайнé адрозьніваюць чатыры пэрыоды: 1) вайну за чэскую карону, якая адбывалася ў Чэхіі і Паўднёвай Нямеччыне; 2) данскую вайну ў Паўночнай Нямеччыне; 3) швэдзкую вайну і 4) швэдзка-францускую вайну.

Вестфальскім мірам устаноўлена:

1. У сьвецкіх справах:

a) У адносінах Нямеччыны і замéжных гаспадарстваў: Швэдзія атрымала частку Памор'я з Ругенам, апрача таго Штэтын, ды ўсéнькі абшар ля утоку Одэру, места Вісмар у Мэкленбургу, Брэмэнскае арцыбіскупства (бяз вольнага места Брэмэна), біскупства Вэрдэн, ды права належаць да Імпэрыі. Данскі кароль гэтак сама зрабіўся сябрам Імпэрыі, бо валадаў Гольштэйнам. Францыя захапіла ўсé валаданьні Габсбургаў у Альзасе на левым беразе Рэйну, на правым-жа беразе трымала гарнізоны ў крэпасьцёх (Брэйсгаў, Філіпсбург). Апрача таго, імпэратар зрокся ўсіх правоў на біскупствы Мэц, Туль і Вэрдэн, якія ўжо ад часоў Морыца Саксонскага фактычна належалі да Францыі. Так сама была прызнана незалежнасьць двух гаспадарстваў, якія ўжо даўно адарваліся ад Нямеччыны: Швайцарыі (ад 1499 г.) і Нідэрляндаў (ад 1555 г.).

b) Ў адносінах да Імпэрыі. Усім князём і вольным местам Імпэрыі была прызнана поўная самастойнасьць, права рабіць сувязі паміж сабой і з чужымі гаспадарствамі, абы толькі ня проці імпэратара і Імпэрыі; з другога боку, імпэратар адгэтуль нічога важнейшага ня мог пастанаўляць, асабліва ў справах рэлігіі, вайны і міру, падаткаў і г. д., без аднагалоснага дазволу штатаў Імпэрыі на сойме. Што-ж да валаданьняў асобных князёў, дык мелі быць адноўлены тыя-ж аносіны, якія істнавалі ў 1618 г. (г. зн. перад вайною). Але пры Баварыі астаўся Верхні Палятынат і электарскія правы. За тое Ніжні Палятынат быў вернены сыну Фрыдрыка V разам з электарскімі правамі, так што ў Імпэрыі стала ўжо восем электароў. Электарская Саксонія атрымала Лужыцы, Брандэнбурскі электар атрымаў даўнейшыя духоўныя княжствы Магдэбург, Гальбэрштадт, Міндэн, дый частку Памор'я.

2. У царкоўных справах:

Рэлігійная вольнасьць, устаноўленая аўгсбурскім соймам, была пашырана гэтак сама і на рэформатаў, проці чаго безрэзультатна выступалі лютаране, наперакор навет каталіком. Усім князём было сказана, каб прыхільна адносіліся да сваіх падданых іншае веры.

Рэзультаты-ж трыдцацілетняе вайны былі гэткія:

а) Для Нямеччыны былі яны дужа сумныя з пагляду экономічнага, культурнага, моральнага і палітычнага. Гэты даўней багаты і культурны край матэрыяльна дазнаў поўнага ўпадку, асабліва-ж было зруйнавана гандлёвае і прамысловае жыцьцё местаў. Разам з заможнасьцяй местаў счэзла і народная літэратура, што гэтак шырака разьвівалася сярод мяшчанства і давала дужа добрыя надзéі; счэзьлі і артыстычныя рамёствы[5]. Разам з моральным упадкам шляхты і насьледаваньнем ею францушчыны, вырасла вельмі фанабэрыя ў яé; а вясковае насяленьне зьбяднела і зьдзічэла да астатку. Нямеччына наагул страціла ня менш, як палову свайго насяленьня і ⅔ рухомае маемасьці. Дзьве тысячы местаў і некалькі дзесяткоў тысяч вёсак счэзьлі з паверхні зямлі. Разьвялося шмат ваўкоў і мядзьведзяў. Разбойныя банды прыгняталі жыхараў.

Нямеччына, саўсім разьбітая, зрабілася об'ектам інтрыг і захватаў суседніх гаспадарстваў; яны тварылі сабе партыі сярод князёў, якія дбалі найбольш толькі аб сваю карысьць. Імпэратарская ўлада стала саўсім бязсільнаю; затое ўдзельныя князі, атрымаўшы монаршую ўладу, зрабілі яé саўсім абсолютнаю, так што гінулі і рэшткі народнага прадстаўніцтва. Значэньне імпэратарскае ўлады памéншала; за тое вырасла значэньне Аўстрыі, як самастойнага гаспадарства.

Таксама паменшала і даўнейшае значэньне электароў Палятынату. У паўднёвай Нямеччыне найважнейшым князем адгэтуль зрабіўся Баварскі электар. У паўночнай-жа, побач з даволі йшчэ магутным электарам Саксонскім, выбіўся наперад Брандэнбурскі электар, які значна пашырыў сваé валаданьні далучэньнем часткі Памор'я і духоўных княжстваў, асабліва-ж паднялося яго значэньне, калі ён дастаў у спадчыну княжства Прусію.

b) Найважнейшае становішча ў Паўночнай Нямеччыне ўсё-ж заняла Швэдзія, якая адгэтуль была першай мілітарнай сілай на Поўначы; аднак, будучы краем бедным, бяз уласных багацьцяў, яна, каб утрымаць сваё становішча, была прымушана весьці новыя войны.

c) Для Заходняе Эўропы найважнейшым рэзультатам 30-летняе вайны было ўзмацаваньне магутнасьці Францыі і, наадварот, поўны ўпадак Гішпаніі; Вэстфальскім мірам не закончылася яшчэ упорлівая барацьба, якую яны вялі між сабой.


  Гэты твор з’яўляецца перакладам і мае асобны прававы (ліцэнзійны) статус адносна карыстанай аховы аўтарскіх правоў на арыгінальны змест.
Арыгінал:

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.
 
Пераклад:

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.
 
  1. § 8
  2. § 8
  3. § 7. Генэалёгічная табліца Габсбургаў у часе рэформацыі.
  4. § 10
  5. § 3