Сусьветная гісторыя (Астэрлёф, Шустэр)/Частка 3/Першы пэрыод/Гугеноцкія войны і Гэнрых IV францускі
← § 7. Піліп II, Нідэрлянды і Альжбе́та англійская | § 8. Гугеноцкія войны і Гэнрых IV францускі Падручнік Вальдэмар Астэрлёф, Язэп Шустэр 1922 год Пераклад: Аркадзь Смоліч |
§ 9. Трыдцаціле́тняя вайна → |
§ 8. Гугеноцкія войны і Гэнрык IV францускі[1].
1. Францішк I (1515—1547) і Гэнрык II (1547—1559). Наступнік Людвіка XII, Францішк I, што здабыў Мілян, граў бітву пад Марыньяно і папаў у няволю пад Павіяй, быў прыхільны да рыцарскіх і авантурных дзеяньняў і прагавіты на ваенную славу. У сваім гаспадарстве ён гаспадарыў хоць самаўладна, але з розумам, ды, паміж іншым, апекаваўся навукаю і мастацтвам. Прыхільнікаў Лютара і Кальвіна прасьледаваў не з прычыны свайго рэлігійнага фанатызму, але затым, што бачыў у іх небясьпечнасьць для абсолютнае ўлады[2]. Сын і наступнік Францішка І, Гэнрых ІІ, быў чалавек распусны і ляны. Аднак, яму ўдалося забраць у Нéмцаў біскупствы Мэц, Туль і Вэрдэн, а ў Англіі-Кале[3].
2. Васійская крывавая разьня (1562). Рэлігійныя войны адначасна з Нідэрляндамі прыгняталі і Францыю. Францішск І і Гэнрык ІІ дзеля палітычных мэтаў падтрымлівалі рэформацыю ў Нямеччыне і ў той самы час змагаліся з ёю ў сябé. Ня гледзячы на апошняе, у тым часе, калі Гэнрык ІІ (у 1559 г.) згінуў на турніры, у Францыі, асабліва на паўдні-адвечнай бацькаўшчыне гэрэзіі, істнавала шмат кальвінскіх грамадаў[4]. Шмат хто з шляхты, у тым ліку самыя магутныя і паважаныя асобы, як адмірал Коліньі, ды навет два браты Бурбоны (з галіны каралеўскага дому, якая, пасьля Валюа, мела найбольш правоў на францускую карону) — Антуан, тытулярны кароль Наварскі, і кн. Кондэ. У сувязі з прыдворнымі інтрыгамі і спрэчкамі стварылася політычная партыя гугенотаў; на чале гэтае партыі стануў энэргічны і кéмны кн. Кондэ; рэлігійныя перакананьні гэрэтыцкае шляхты падмацоўваліся і тут, мусіць, як і ў іншых прыпадках, апэтытам на духоўныя маетнасьці.
Сын і наступнік Гэнрыка ІІ, Францішк ІІ, быў слабым валадаром і мала разьвітым чалавекам. Ён саўсім знаходзіўся пад уплывамі свае прыгожае жонкі Марыі Стюарт, якая ізноў-жа сама знаходзілася пад выключнымі ўплывамі сваіх дзядзькоў Францішка і Караля дэ-Гіз (de Guіse). Гэта былі князі з малодшае лініі Лётарынскага дому, які дабіўся вялікага значэньня ў Францыі. Князь Францішк, які адабраў ад Караля V Мэц, а ад Марыі Англійскае — Кале, быў услаўленым ваенным гэроем свайго народу і часу, ягоны-ж брат, Кароль, як рэймскі арцыбіскуп і кардынал, быў галавою францускага кліру. Абодвы адзначаліся, апрача прагавітасьці да ўлады і ўплываў, таксама і ненавісьцяй да гэрэтыкоў.
Кондэ надумаўся пры помачы гугенотаў ды незадаволенае з істнуючых парадкаў шляхты скінуць Гізаў. Дзеля гэтага ме́ліся захапіць караля і дабіцца ад яго, каб заме́ста Гізаў паклікаў да рады сваякоў Бурбонаў і сабраў Генэральныя Штаты. Гэтая змова не ўдалася. Гізы сабралі Генэральныя Штаты, маючы на мэце засудзіць і сказьніць Кондэ ды зьніштожыць усіх наагул гугенотаў. Аднак, гэтаму перашкодзіла сьме́рць Францішка ІІ, пасьля якога быў наступнікам 11-гадовы брат яго, Кароль ІX. Матка апошняга, Кацярына Мэдычы, якая гаспадарыла заме́ста свайго бязьле́тняга сына, ня спрыяючы Гізам, адразу-ж зыйшлася з бурбонска-гугеноцкаю партыяй. Прасьле́даваньні гугенотаў былі спынены, і карале́ўскім эдыктам ім была дадзена свабода вызнаньня.
Але Гізы не зьмянілі сваіх плянаў і не хаце́лі думаць аб выпаўне́ньні карале́ўскага эдыкту. Князь Францішк, у часе падарожы праз Шампань, натрапіўшы ў мястэчку Васі (Vassy) на спакойны збор гугенотаў, якія адпраўлялі набажэнства ў гумне́, напаў на іх са збройнаю дружынаю і зрабіў там страшную разьню.
Пасьля гэтага ён захапіў маладога караля, прымусіў карале́ву-матку перакінуцца на яго бок і распачаў проці гугенотаў вайну, якая 36 гадоў руйнавала Францыю. Францішк дэ-Гіз, праўда, быў забіты рукою потаёмнага забойцы — гугенота, але ня згінуў ягоны род (ён пакінуў трох сыноў). Род Гізаў і ня думаў уступаць гэрэтыком.
У адкрытым полі гугеноты часта цярпелі няўдачы, затое ме́сты бараніліся па гэройску і ўдачна. У адважным Коліньі гугеноты знайшлі правадыра, якога, таксама як кн. Оранскага, ніякая няўдача не магла пазбавіць мужнасьці духа. Сярод правадыроў гугенотаў быў і Кондэ. Пасьля васьміле́тняе з перарывамі барацьбы карале́ва была прымушана зрабіць мір з гугенотамі і вярнула ім свабоду вызнаньня. Аднак, з прычыны таго, што яна ўжо не́калькі разоў ламала сваё слова, цяпер яна была прымушана дазволіць гугенотам умацаваць для сябе́ чатыры крэпасьці, у тэй лічбе Ля Рошэль, наймацне́йшую прыморскую крэпасьць.
3. Ноч сьв. Бартламе́я. (23-24 жніўня 1572 г.). Каб не́чым адзначыць згоду партыяў, заручылі маладога Гэнрыка дэ Бурбон, Наварскага караля, кальвініста, з Маргарытаю, сястрою Караля ІX. На вясе́льныя урачыстасьці прыехала многа прадстаўнікоў протэстанцкае шляхты ў дружыне Бурбонаў (караля Наварскага і кн. Кондэ). Упе́рад яшчэ запрошаны да каралеўскага двара, прабываў там Коліньі, якому выражалі вялікі спогад. Стары адмірал ужо пачынаў аказваць вялікі ўплыў на маладога караля. Ён намаўляў караля, каб той выслаў войскі ў Нідэрлянды проці Піліпа ІІ на помач паўстанцам, і выясьняў яму вялікія карысьці, якія магла-б даць Францыі такая інтэрвэнцыя. Кацярына спачатку, вадзючыся з Гізамі, рада была новым уплывам; аднак, пасьля пачала баяцца, што і сама страціць уплывы. Праз некалькі дзён пасьля вясельля Кацярына, разам з сынам, будучым Гэнрыкам ІІІ, зрабілі з Гэнрыкам Гізам, сынам забітага Францішка, змову проці Коліньі. Калі стрэл наёмнага забойцы ў адмірала папаў міма, трое хаўрусьнікаў уплянавалі масовае зьніштажэньне ўсіх гугенотаў. Пры гэтым яны спадзяваліся на помач шчыра каталіцкага парыжскага мяшчанства, якое з ненавісьцяй глядзела на гасьціну ў сваім родным месьце гэтулькіх гэрэтыкоў. Пасьля дзьвёхгадзіннага супраціўленьня малады кароль уступіў матцы і даў ей згоду на гэтую страшную справу.
У дзень сьв. Бартламéя, у 3 гадз. раніцы мястовыя званы далі знак пачынаць разьню. Гэнрык Гіз і брат караля ўварваліся ў кватэру Коліньі загадалі жаўнерам забіць адмірала. Караля Наварскага і маладога кн. Кондз выратавала толькі іх заява, што прыймуць каталіцтва; але ўся іхняя дружына была перабіта. На вуліцах шалела раз'юшаная чэрнь разам з распушчаным жаўнерствам; каля 2000 трупаў асталося на месцы. Сьледам за сталіцаю гэткія-ж пагромы пачалі рабіцца і на правінцыі; усюдых ракою лілася гугеноцкая кроў; аблічаюць, што тады згінула ўсяго каля 30.000 ахвяр.
Адным вялікім крыкам абураньня і жалю адгукнулася ўся Эўропа на францускія падзеі. Застагнаў ад жалю протэстанцкі сьвет. Нават Альба зганіў гэтую разьню, і толькі папа адправіў урачыстае падзячнае набажэнства ды загадаў выбіць на памятку мэдаль з надпісам: Hugenotorum strages (разьня гугенотаў). А Піліп ІІ, калі да яго дайшла вестка аб Бартламéяўскай Ночы, засьмяяўся; гэта, як кажуць, быў адзіны сьмех за ўсё яго жыцьцё.
Аднак, гугеноты яшчэ ня былі саўсім зьніштожаны. Ля Рошель аказалася нездабытаю крэпасьцю. Цэлы рад нападаў і штурмаў на яе астаўся безрэзультатным. У Гэнрыку Наварскім, які ізноў вярнуўся да свайго вызнаньня, гугеноты знайшлі годнага наступніка Коліньі. Пасьля даўгое вайны Гэнрык ІІІ (элекцыйны польскі кароль), які прыняў уладу ад вар'ятаватага свайго брата Караля ІX, мусіў урэшце падпісаць з гугенотамі мір, паводле якога ім былі прызнаны даўнейшыя правы, гэтулькі разоў ламаныя.
4. Вайна трох Гэнрыкаў. Даўгі час трываў спакой, калі памёр апошні брат Гэнрыка ІІІ. Быў гэта ўжо трэці сын Кацярыны, які памёр, не пакідаючы па сабé патомства. Дзеля таго, што і сам Гэнрык ІІІ быў бязьдзéтны, пагражаў канец роду Валюа. Гэнрык Наварскі, як найбліжэйшы сваяк Валюа, мéў саўсім пэўныя правы на каралеўскі пасад. Але даволі было аднае думкі, што на францускім пасадзе можа засéсьці гэрэтык, каб узбурыць прававéрных каталікоў. Гэнрык Гіз, гэрой Бартламéяўскае ночы, разам з сваймі братамі і шмат якімі вяльможамі зрабілі з Піліпам ІІ, у замку Жуанвіль, хаўрус дзеля таго, каб перашкодзіць наступніцтву Гэнрыка Наварскага і зьніштожыць гэрэзію. Да гэтае Лігі пачалі яны запісаваць кожнага прававернага каталіка; далучылася да яé таксама шмат шляхты і шмат местаў на чале з Парыжам, а кароль па намаганьням Лігі згадзіўся ізноў распачаць барацьбу з гугенотамі. Такім чынам закіпела "вайна трох Гэнрыкаў" (1585). Гіз, правадыр Лігі, ужо іграў ролю валадара Францыі і трымаў караля як бы ў няволі.
Гэты стан рэчаў скончыўся са сьмерцяю Гіза ад рукі патаемнага забойцы, падасланага каралём. Моцна ўзлаваная Ліга, на чале якое стануў брат забітага, кн. Мэйêн, пачала вайну з самым каралём, якому цяпер нічога больш не аставалася, як зрабіць саюз з каралём Наварскім. Разам з сваім новым хаўрусьнікам абляглі яны Парыж, але хутка кароль быў забіты манахам Клеманам (1589); паміраючы, Гэнрык ІІІ прызнаў караля Наварскага сваім законным наступнікам.
5. Гэнрык ІV (1589-1610). Нантскі эдыкт. Пачынаючы Гэнрыкам ІV, францускі каралеўскі пасад займае дынастыя Бурбонаў.
Спачатку новы кароль меў мала што больш, апрача самога тытулу. Значная большасьць народу і слухаць не хацела аб прызнаньні яго каралём. І хаця ён быў вельмі добрым ваяводаю і разьбіў Лігу пад Івры, ў Нормандыі, але яму не хапала сілы, каб усьмірыць месты. Асабліва заядлы адпор даваў яму Парыж; два разы, калі ён, здавалася, ужо быў блізкі да спаўненьня сваé мэты, прыходзіў з Нідэрляндаў, па загаду Піліпа ІІ, Аляксандар Фарнэзэ і, маючы большае ды лепшае войска, перамагаў яго[5]. А ліга ўжо манілася саўсім аддаць Францыю Піліпу ІІ, толькі йшчэ не згаварылася аб спосабе, як гэта зрабіць. Тады Гэнрык ІV, згаджаючыся з просьбамі патрыётычна-настроеных каталікоў і протэстантаў, пастанавіў публічна прыняць каталіцтва і, ламаючы гэтак прашкоду, якая адгараджала яго ад народу, выратаваць край (1593). Пры гэтым ён быццам-то сказаў: "Парыж варт імшы".
Гэнрык пайшоў на імшу; і вось, як бы на знак чарадзейнае палачкі, распадаецца Ліга. Адно па адным паддаюцца Гэнрыку ІV месты, пераходзяць на яго бок ваяводы, а ён сам, дзякуючы сваёй паблажлівасьці, памагаў кожнаму зрабіць гэты крок. Парыж таксама адчыніў яму свае брамы; пры радасных вокліках народу, які йшчэ так нядаўна яго праклінаў, прыняў Гэнрык ІV пад сваю ўладу Парыж. Дзеля гэтага ўсе пляны Піліпа паблуталіся, і пры падпісаньні міру ў Вэрвэн ён быў прымушаны прызнаць Гэнрыка каралём Францыі і аддаць яму мясцовасьці, занятыя Гішпанцамі (1598).
У гэтым-жа годзе счэзьлі апошнія сьляды лігі, і Гэнрык ІV закончыў пэрыод рэлігійных войнаў вядомым нантскім Эдыктам (1598). Гэтым эдыктам ён даў сваім быўшым аднаверцам роўныя грамадзянскія правы з каталікамі, дазволіў ім вольна адпраўляць набажэнствы, праўда, з некаторымі дробнымі агранічэньнямі, якія, як ён лічыў, трэба было ўвесьці дзеля ўсё яшчэ сільнае ненавісьці паміж каталікамі і протэстантамі. Дый такі эдыкт сустрэўся з вялікім адпорам і няпрыхільнасьцю, але кароль усё-ж паставіў на сваім. Апрача таго, ён мусіў пакінуць гугенотам некалькі крэпасьцяў на ўсялякі прыпадак.
Зрабіўшы гэта, Гэнрык ІV шчыра ўзяўся за залечаваньне ранаў, зробленых краю хатнімі войнамі. На сваё шчасьце, знайшоў ён сабе разумнага супрацаўніка ў асобе кн. Сюльлі, гугенота. Кн. Сюльлі здалеў упарадкаваць разруханую грашавую гаспадарку Францыі сваёю ашчаднасьцю, прычым адначасна зьмяншаў і цяжар падаткаў для народу. Абодвы ўсю сваю ўвагу зварачалі на падняцьце крыніцаў народнага дабрабыту. Пад той час, як Сюльлі больш увагі зварачаў на гаспадарку і гадоўлю скаціны, якія называў сярэбранымі капальнямі для гаспадарства, Гэнрык ІV стараўся падняць прамысловасьць, цягнучы да сябе чужаземных працаўнікоў і даючы ўсялякія прывілеі прамысловай працы. Дзякуючы галоўным чынам яму, Францыя завяла гадоўлю шаўковых чарвякоў і выраб шоўку. Дзеля падтрыманьня гандлю Сюльлі правёў гэткую густую сець дарог, якое нідзе ня было ў Эўропе ад рымскіх часоў, пакапаў каналы, зрабіў рэкі сплаўнымі, будаваў масты і гасьцінцы. Мéў ён яшчэ важны плян ажывіць і зрабіць даступным мораплаўства. Па яго думцы Францускі шляхціц Шамплéн залажыў колёнію Канаду, аб'яжджаючы раку сьв. Лаўрэна (1608), ды закладаючы месты Квэбэк і Монрэаль.
Хаця і ня споўнілася анекдотычнае пажаданьне Гэнрыка ІV, каб кожны селянін што-нядзелю мéу курыцу ў гаршчку, але народ памятаў ягоныя добрыя намеры і да гэтага часу славіць яго ў песьнях, легендах і анекдотычных аповесьцях, што пачынаюцца славамі:
"C'étaіt jadіs du temps du bon Henrі..."
Дзякуючы гэтаму, Францыя гэтак хутка і высака паднялася з экономічнага боку, што яе кароль мог ужо ўдачна выступаць і ў сусьветнай палітыцы. Усімі сіламі стараўся Гэнрык ІV аслабіць Аўстрыю, якую лічыў адвечным ворагам Францыі. Мéўся ён даць помач нямецкім протэстантам, якім пагражаў імпэратар, і адначасна напасьці на Габсбургаў у Італіі і Гішпаніі.
Ўсё ўжо было гатова, каб распачаць гэтае вялікае дзела, калі Гэнрык ІV паў ад рукі забойцы, фанатычнага клерыка Равайяка. Рука гэтага шалёнага перасéкла ніць жыцьця адважнага, разумнага і добрага валадара. Перадчасная яго сьмерць была вялікаю стратаю для Французаў, дык павінна была таксама зрабіць уплыў і на падзеі ў Эўропе.
Арыгінал: | Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш. Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў. |
---|---|
Пераклад: | Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш. Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў. |
- ↑
Дом Валюа ў пэрыодзе рэформацыі.
Францішк I (патомак Піліпа V францускага).
|
Гэнрык II
____________
Францішк II Кароль IX Гэнрык III
Гізы
Кляўдуш дэ Гіз
_____________________
1. Францішк 2. Марыя, замужам за Якубам V, Шкотляндзкім 3. Кароль кардынал Лётарынскі
___________________
1. Гэнрык 2. Кароль дэ Мэсн 3. Людвік, кардынал
|
Марыя Стюарт
Бурбоны
Кароль Бурбон, кн. Вандомскі
(патомак Робэрта, другога сына Людвіка ІX, францускага)
________________________________________
Антон кароль
Наварскі
|
Гэнрык IV, кароль
Францускі
|
Людвік XIII
Кароль кардынал
Людвік, кн. Кондэ
|
Гэнрык, кн. Кондэ - ↑ § 4. Рэформацыя ў Нямеччыне (Войны Караля V з Францішкам І).
- ↑ § 3. (Змова князёў) і § 5 (Рэформацыя ў Англіі; Марыя Тюдор).
- ↑ § 5. Рэформацыя ў Швайцарыі.
- ↑ § 7