Суседзі (1932)/Просім
← Усё спакойна | Просім Фэльетон Аўтар: Анатоль Вольны 1932 год |
І з вашымі прыват-доцэнтамі → |
ПРОСІМ.
Я тады быў, праўда, ня вельмі дарослы, але з тэй пары, як той казаў, прайшло часу…
… Аж з таго часу цягнецца гэтая справа аж дагэтуль.
Усё просяць загадчыну бібліотакай аднэй вялікай школы на Беларусі набыць у бібліотэку беларускіх кніг.
Набудзем, — адказвае бібліотекарша.
Праходзіць месяц — два — пяць — сем — год.
Зноў да загадчыцы:
Калі, маўляў, набудзеце?
А загадчыца за вугал, ды ходу.
І зноў праходзіць месяц — два — пяць…
І як, кажуць „ни ответа, ни привета“.
… Загадчыца бібліотекай ня професар, ня зьнімуць і ўсё.
І таму называць яе прозьвішча я ня буду, бо яна ўсё-ж ткі ёсьць „сознательный“ працаўнік, — пэнсію атрымлівае акуратна, акуратна ходзіць на сходы, акуратна сьпявае „мы наш, мы новый мир построим“, прынамсі рот, дык акуратна разяўляе…
Цяпер нам пішуць у рэдакцыю, каб мы папрасілі бібліотекаршу набыць усё-ж такі беларускіх кніг.
Просім!
Будзьце ласкавы, — набудзьце!
Каб не сварыцца!
Бо зьнiмуць, сапраўды зьнімуць.
Наконт бібліотакаршаў у нас сурова…
Зноў-жа просяць што-небудзь зрабіць з тэй прычыны, што студэнты-практыканты ў беларускіх школах гавораць па-расійску.
Што тут зробіш?
У гэтым пытаньні я ужо нічым памагчы не магу.
Бо ўлады я ня маю аніякай.
Вось, каб я, ды скажам, быў на чале тэй інстанцыі, ад якой гэта залежыць.
Я-б абвясьціў неадкладны загад. Гэткі загаl/
Кожны студент нашай ВНУ павінен ведаць нашую мову |
і давёў-бы неабходнасьць гэтага гістарычнымі прыкладамі.
Але, на мой жаль, мяне не назначаюць на гэткую пасаду.
■