Суседзі (1932)/Гуморыстыя з Магілева

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гуморыстыя з Магілева
Фэльетон
Аўтар: Анатоль Вольны
1932 год
Толькі і ўсяго

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ГУМОРЫСТЫЯ З МАГІЛЕВА.

Ну і гуморыстаў разьвялося па акругах…

Проста, страх.

І як іх апісаць толькі?

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

У Магілеўшчыне двое хуліганаў зьбілі селяніна Якіменку. Дык вось-жа „божай міласьцю“ гуморыст магілеўскай газэты так апісвае („Мaгілеўскі Селянін“ № 34) гэта здарэньне.

„Савякоў ды Салапаеў
Баламуцяць сьвет.
Яны роўна ўсіх чапаюць,
Хлопцаў і кабет.
Вось зайшлі да селяніна
(Ціхі земляроб)
і як СУКІНАМУ СЫНУ
чыгуном у лоб…“

Таварышы, з магілеўскай радакцыі!

Вам-бы заступіцца варта было-б за чалавека, якога зьбілі, а вы як пабачылі, што зьбілі ціхага чалавека, дык самі нібы, і між іншым, а сукіным сынам яго лаеце…

Та-ва-ры-шы! За вошта?

А што, як, скажам, гэты самы чалавек выздаравее, ды што калі чуткі аб тым, што ён ціxі ― ня спраўдзяцца, ды што як і возьме ён добры кіëчак, ды прыдзе ў рэдакцыю, ды знойдзе мясцовага гуморыста, ды запытаецца:

― Ты, запытаецца, напісаў, што мяне зьбілі як сукінага сына?

― Я, ― адкажа тады мясцовы гумарыст…

― Як той дурань напісаў?

― Напісаў, ― згодзіцца гумарыст.

І возьме тады дзядзька мацней у рукі кіёк ды зноў скажа:

― Ты думаеш, скажа, што калі я быў зьбіты, ды калі я ціхі земляроб дык ужо можна мяне і СУКІНЫМ СЫНАМ лаяць…

Ды адлупцуе дзядзька гуморыста па самаму гуморыстычнаму месцу.

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

Калі гэта здарыцца, я тады напішу ў „Савецкую Беларусь“ спачуваньне.

Як СУКІНАГА СЫНА, напішу, зьбілі ў Магілеве, гуморыста.

Так яму, СУКІНУ СЫНУ, напішу, і трэба.