Перайсці да зместу

Суніцы (1926)/Суніцы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Суніцы
Верш
Аўтар: Уладзімір Хадыка
1926 год
Беларусь
Іншыя публікацыі гэтага твора: Суніцы (Хадыка, верш).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СУНІЦЫ

Сонца узгорак адхукала ласкамі,
Шоўкам ўзялася травіца,—
І разгарнулісь вясёлымі краскамі
Суніцы.

Рада іх лісьцікі срэбнымі сьлёзкамі
Чырвані неба міргаюць.
Ў раньня цымбалы вясна б‘е бярозкамі,
Дзень грае…

Рушыць ён з велічай, хваляю сьвежаю
З думак зганяе прасонак.
Ў сполаху цені язычаць пад межамі
Загонаў.

Ўзад бязупынна сьпіхае іх плынь дзянны,
Пену пускаюць са злосьці,—
Хочуць жыцьцё у ціскі ўзяць кліньнямі…
Сьмяхоцьці!..

Сонца, бач, мараць зацьміць галавешкаю,
Моладасьць—плачам бандурным,
Вясну уяўляюць часовымі сьмешкамі…
Эх, дурні!..
Дарма-ж яны, сьлепавокі, кавэнчацца?—
Выскубе бура ім косы…
Вунь ўжо агнёвымі іскрамі, венчацца
Палосы.

Хмары густою заліліся чырваньню,
Напал зара іх разьбіла…
Доўга ў мароз на сабе цёмны вір яна
Насіла.

Хукала сонца зямлю цяпла ласкамі,
Май штурхаў дожджык—праліцца…
І разгарнулісь жыцьцёвымі краскамі
Суніцы.