Перайсці да зместу

Суніцы (1926)/Жнівень

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вясна Жнівень
Верш
Аўтар: Уладзімір Хадыка
1926 год
Восень
Іншыя публікацыі гэтага твора: Жнівень (Хадыка).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЖНІВЕНЬ

Расплыўся ўсьмешкаю жнівень,
Зашастаў саломай з-за плоту,
Забегаў полем жартліва
Ў капоце золата-жоўтай…

У поясе бура-грачнёвым,
З каўнерам снапом ператканым,
Зьядае вокам агнёвым
Ён з даляў восені плямы…

Праз ціхі блакіт сее шчасьце,
Зьвіняць ува ўсю жыцьця струны,—
Шчасьлівы ён, узбагаціў
Дабром сялянскія клуні…

Яны ад буйнога прыбытку
Ахвотней працуюць радыя—
Ніхто не зьдзярэ сьвіткі,
Падкраўшысь, як воўк, ззаду…

Замёр уздых пакутны,
Калыша далі песень
Ланцуг бадзёры, магутны—
На волі ўсяму весела!


∗     ∗

Ноч халодная. На небе
Мігацяць усюды зоркі.
Месяц ў высі сьлед цярэбіць
І глядзіць на панадворкі.

Непарушна стаяць ліпы,
Цішына, у ночным змроку,
Толькі грук калёс, ды сіплы
Чуцен брэх сабак здалёку.

Пранясецца гук, паветра
Вецярком малым ўзварушыць…
І ізноў у ночы нетрах
Цішына прасторы пушыць.

І глядзіш на ўсё зьдзіўлёны,
Пачынаеш верыць ў чары…
Здэцца, некім падмянёны
Вакол шэрыя абшары…

Толькі голыя дравіны,
Ды інакшы неба просінь,
Срэбрам крытыя хаціны—
Кажуць, што пануе восень.