Стары ляснік

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Стары ляснік
Верш
Аўтар: Янка Лучына
Крыніца: http://yankalychina.ru/categories/1.htm


Паночку, даражэнькі, дай пораху крышку,
Калі маеш увагу на старога Грышку!..
От ліха наляцела! прыйшло на астатак:
Найлепшае заўчора з нашых жарабятак
Мядэведзь — падла… дый каб жа ваўкі яго з’елі!
Задушыўшы ў лесе, кінуў каля елі!..
А Божа ж мой!., от быў бы конь чэраз два годы,
А цяпер што? — нічога акром адно шкоды!
Дай пораху, паночку!»
Так стары, чуць жывы,
Прасіў пана даўнейшы са двара мыслівы.
— Што ж тут порах паможа?
— Каб раз здох маруха, Яго я пачастую са стрэльбы ў вуха!
— Чы ты, Грышка, звар’яцеў?
— Не! — дзякаваць Богу!
— Як жа ж ты на мядзведзя?.. Ледзьве цягнеш ногу,
Як бы ў ліхаманцы, скачуць табе рукі.
— І сам я гэта знаю… Калі ж плачуць ўнукі,
Дый гоманам вялікім поўна наша хатка.
Каб пан відзеў, якое было жарабятка!
І друга, і шырока, і крэпка ў карку,
Самы гэты конь быў бы нам у гаспадарку!..
Не дарую!, мядзведзю павыцягну жылы!
Каб не меў спакою і серэдзь магілы,
Кара будзе без кары то насенне ўражжа!!!
Чы ён мне шкуру злупіць, чы сам, шэльма, ляжа!
— Да ты ж хіба са стрэльбай даўно не меў дзела?
— Лет з пятнаццаць, як старасць маю сілу з’ела!
— Што ж цяпер ты ўздумаў? — ты ж старэе хрэна,
Страляючы не ўцэліш і ў копу сена.
— Скуль пан знае?.. Аднача ж я лічу на гэта,
Што маруху патраплю перавесць са света.
Не глядзі, пан, што гарбом мне сагнула спіну,
Вымяркую ў вуха чы ў лоб, у серадзіну!
— Да ты хіба сягоння блёкату аб’еўся?..
Куды ж розум даўнейшы у цябе падзеўся?..
Мерыш сілы старыя, Бог зна, якой мерай!
— Дай пораху, паночку, бо пайду з сякерай!
— Ось мы лепей іначай гэту скончым справу;
На мядзведзя ўскора ўстроім аблаву!..
— А, крый Божа! не трэба, паночку, не трэба!
Ён уцячэ з аблавы!.. Не скаштую хлеба,
Спаць не буду, пакуль жа не заб’ю маруху,
Пакуль чорну на землю не выпушчу юху,
Пакуль шкуру ў нашай не развешу хаце:
Ось! — гэта для вас, дзеткі, па нашай утраце.
Ён уцёк бы з аблавы як піць даць, паночку,
Да жарабятка прыйдзе на трэцюю ночку,
А я і прыпільную!!!
— Проста жаль старога!..
Слухай, Грышка! — каб дзеткі не плакалі многа,
Дарую жарабятка ад сівой кабылы!..
Бяры! і успакойся!
— Да самай магілы
Буду Бога за вамі прасіць, ясны пане!..
Каб вам і вашым дзеткам даваў панаванне
За вашу для нас бедных добрую натуру,
Дый пану ж ад мядзведзя прывалаку шкуру.
— Як-та шкуру? — якую?..
Дый з яго, халеры,
Жаль бо некі вялікі еў мяне без меры,
Яго я звесці кляўся, пакляўся на душу…
Дык і слова прад Богам стрымаць цяпер мушу.
— Гм!.. а стрэльбу чы маеш?
— Ёсцяка ў клеці; —
Учора трошкі правіў — папсавалі дзеці.
Але стрэліць — нічога!.. я знаю старуху,
Яшчэ раз мне паслужыць!.. Будзе гад без духу!
— Ты лепей гэты штуцэр на! бяры ад мене!
— Не, паночку! нетрэба!.. кажу на сумленне,
Не умею я з панскай… лепей з сваей плясну,
Але будзь, пан, спакоен! — як у свечку ясну!
— Казел ты! больш нічога!.. Усе вы такія!..
На порах!.. Дый няхай жа сам Бог цябе крые!
Назаўтра, яшчэ з лесу не ўзглянула сонца,
Пан праснуўся, падняўся, паглядзеў ў ваконца;
Глядзь! —
а Грышка са стрэльбай сядзіць ужо на ганку
— Па мядзведзя да лесу пашлі, пан, хурманку.