Перайсці да зместу

Стары Менск у беларускіх успамінах/Вінцуку Дуніну-Марцінкевічу

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вінцуку Дуніну-Марцінкевічу, беларускаму поэту
Верш
Аўтар: Аляксандр Ельскі
1920 год
Крыніца: Беларусь. — 3 студзеня 1920. — №2 (58); б. 2-3
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вінцуку Дуніну-Марцінкевічу.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Вінцуку Дуніну-Марцінкевічу, беларускаму поэту.

Здароў, Вінцэсь, айцец „Гапона“!
Табе паклон ад Гелікона
За „Вечарніцы“, й за „Дудара
I за „Наума“, — сяла гаспадара.
Бо твае песьні гладкі і лоўкі —
Яны гамоняць нам да галоўкі
I сэрцу кажуць скакаць падчас,
Калі ты ўзьлезеш на наш Парнас
Маўчыш цяпер, а чаму так?..
Няўжо-ж у цябе мысьлі брак?
Няўжо-ж гутарку мог ты забыць?
Няўжо-ж ня хочаш гаманіць?
Эй! — разгукайся толькі зноў,
Ды пацеш-жа мужычкоў,
Ім трэба песенькі сваей!..
Дык ты-ж, Вінцэсь, ты ім запей,
Бо калі будзеш ты маўчаць, —
Вазьму я дудачку іграць.
А як пацягну „мяцеліцу“
Дык на маю вечарніцу
Наплыне увесь наш народ,
Ды ад гульбы аж стане пот.
Мяне ня знаеш, а я — хват,
Такі-жа дужы, як ты, брат…
Як хочаш, магу я пісаць,
Усякі мысьлі выкладаць.
Неміласэрны мой язык,
Калі падыме праўды крык,
Тады — бяда і трудна рада,
Таквеле згледзець трэба гада.
Разьведаў, які мой клавец!
Табе кажу аб гэтым тут,
Каб ты паняў, што я — ня плут.
Хоць трасцу, братка, угадаць,
Хто я такі — табе ня знаць.
Цяпер-то пляга на ўсём сьвеце,
За тым трудненька жыць поэце;
А сьціхамер’я як настане,
Тады зайграем мы, маспане!..
Калі-жа сьцюжа, — дык тайком
Злых рэзаць будзем языком,
А добрым слаць паклон і чэсьць,
Хоць знаць ня будуць адкуль весьць.
А вось табе, сумленны дзед,
Наш стары лірнік і поэт,
Слаўцо із сэрца я кладу,
Ты толькі нам зайграй: ду-ду!
Бо ужо вельмі сумна стала,
Як твая песьня замаўчала.
Брокгауз ў Ліпску выдрукуець
I грошам цябе пачастуець…
Паслухай толькі братняй рады
І ня бойся жаднай здрады.
Бо ты сядзіш у „Люцыне“,
Ў сваёй хаце пры каміне
I ня ведаеш, што можна, —
Толькі з толкам — асьцярожна…
Будзь здароў-жа, пане-браце,
Зычу: хай у тваёй хаце
Ляжыць бохан на стале,
Ды ў мяшочку у цябе
Нехай будзе поўна грошы,
Сэрцам будзь нам ўсё харошы!
Кабы статачак ручыўся,
Каб ты ніўкаю разжыўся,
Каб зубатые ваўкі
Не паелі жарабкі,
Кабы яйцы несьлі куры,
Не тачылі ў сьвірне шчуры,
Кабы сытые кароўкі
Малако лілі ў даёўкі,
Каб ніколі аляндар,
Ня быў ў хаце, гаспадар!..
Каб старая твая жонка
Не урадзіла так дзяцёнка,
Як там калісь маці Сара,
Бо у лецех, гэта — кара…
Каб у садзе расьлі дулі,
За даўгі кабы ня цкулі;
Каб твае родны дзеткі
Красавалі так, як кветкі;
Людзі добры каб любілі,
Каб картопелькі ня гнілі,
А пшаніца вылягала,
Каб заўсёды добра стала.
Для убогіх і сірот,
Каб іх тысяча у год
Перайшла праз твой парог;
Каб за качан добры Бог
Табе булачку аддаў,
А за грош рубельчык клаў.
Каб падаткі невялікі,
Каб ня было з жонкай склыкі,
Судовыя каб ня дралі,
Парабкі кабы ня кралі,
Пчолкі каб давалі мёду,
Каб да сотага ты году
Весела, здарова жыў,
А па сьмерці піва піў
З Абрагамам на сталіцы,
Гдзе сам Бог сядзіць ў сьвятліцы,
Гдзе сьвятые анялы, —
Будзь жа, братка, там і ты!
А калі на страшным судзе
Для мяне мейсца ня будзе,
Так паможаш свайму брату
Упрасіцца ў тваю хату.
Будзем разам за сталом,
Будзем піва піць каўшом,
Аж з чупрыны закурыць.
Но! уж годзі аднак кпіць!
Жыві весел, мой брацец,
Таго зычу і — канец!

Замосьце,
27 чэрвеня 1872 г.

Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.