Старонка:Zbornik scenicnych tvorau Ss 1, Kamiedyi i vadevili.pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Юлька. Грышка?

Манька. Але, але… А сюды прыйшлі нейкія іншыя госьці, дэлікатныя такія, хораша апранутыя… Я сядзела з імі… А ен усё: ні сядзі, ні сядзі!.. значыць, каб я пайшла да ягонаго століка. А я ні пайшла. Вось ен зрабіу скандал. Яны пасварыліся і гэты чорнамазы разрэзау нажом руку пану Міхалу.

Юлька. Хто-ж гэта пан Міхал?

Манька. А гэта адзін с тых, с каторымі я сядзела.

Юлька. Хто-ж яны?

Манька. А, здаецца, студэнты ці што. Маладыя, пекныя, чыстыя…

Юлька. Дурная, дрэнна ты зрабіла.

Манька. Чаму?

Юлька. Ну, дык што, што маладыя, пекныя?.. Ахвота сядзець з нейкімі студэнтамі! Як будзеш такая дурная, то нічога з гэтаго ні будзе… Вось Стэпка мела розум і жыве цяпер, як пані, Юзя так сама знайшла сабе якогась — і шмат іншых!.. А ты нават пякнейшая ад іх і так сама магла-б зрабіць кар’еру, каб захацелася… Я табе добра раю, я — сестра твая…

ЗЬЯВА IV.

Тыя-ж і Галубоускі.

Галубоускі (варочаецца і дае Юльцы папіросы і грошы).

Юлька (да Галубоускаго). На, маеш папіросіну, а рэшту (дае назад Галубоускаму грошы) бяры сабе на апахмялку, і ідзі адсюль, каточак Галубоускі, бо нам трэба пагутарыць.

Галубоускі. Дзякую. (Цалуе Юльку у руку і ідзе у правыя дзьверы).

ЗЬЯВА V.

Тыя-ж без Галубоускаго.

Манька. Дык што-ж мне рабіць?

Юлька. Я-ж кажу: ахвота табе задавацца з голымі студэнтамі, калі цябе клікау Грышка!

Манька. Хто ен?

Юлька. Ну, той самы… А чым ен займаецца? — а Бог яго ведае! кажуць, у карты іграе, шулер ці што… Ведаю толькі, што мае грошы, а гэта — грунт!.. А ты яму надта спадабалася!

Манька. Ен мне казау гэта…

Юлька. Ну, вось… А што-ж ты на гэта?..

Манька. Калі ен мне ні падабаецца — нейкі страшны ен…