Старонка:Zbor t2 1929.pdf/99

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І агністы блеск раскінуў
На узгоркі і на лес,
А жанкі ўжо чарадою
Уздоўж Нёмана ідуць
І з сьвянцонаю вадою
Сьвечку ў місачцы нясуць.
У жанок аж сэрца б‘ецца,
Нейкі страх на іх напаў,
І страх гэты ўсім, здаецца,
Языкі ім завязаў.

Вось і гак і плёс адкрыты,
А за гакам чорны вір.
Нёман коціцца сярдзіта
Ды на дне ганяе жвір,
Круціць, верціць, як шалёны,
Ажно леечкі бягуць,
Точыць, рве бераг зялёны,
Ачасае сабе пуць.
На гаку жанкі пасталі.
Тут, з высокіх берагоў,
У вадзе цені дрыжалі,
Жэрдкі леташніх стагоў.
Як у люстры, адбіваўся
З таго берагу вятрак,
на хвалях калыхаўся
Лесу верх, нібы разак,
Уверх кінуты зубамі,
І алешнік малады,
Бераг Нёмана з кустамі
І высокія груды.