Гэта старонка не была вычытаная
І закуска тут ёсьць:
Хлеб, блінцы, каўбаскі…
І вы будзеце жыць
Сяк-так з божай ласкі…
Прыступаюць да вячэры.
Чуюць — ходзяць пад акном!
Потым раптам хтось у дзьверы
Барабаніць кулаком!
V
— Дзе-ж то, бацька, наша дочка?
І Якім бы ў воду кануў…
Дзень праходзіць, скора ночка…
Вышаў-бы ты сам ды глянуў.
Проста дзіва, і ніколі
Ня бывала такіх штук.
Што ўжо гэта за сваволя!
Што ён думае, блазьнюк? —
Непакоіцца матуля.
Не, ня так яно, ня так!
І Якім на тыя гулі
Не аматар, не мастак.
Ёсьць тут, ёсьць тут штось напэўна —
Зьніклі зранку і няма
І прапалі неспадзеўна…
Ой, тут нешта нездарма!
Усяк маці разважае —
А мо‘ гэта, а мо‘ то…