Старонка:Zbor t2 1929.pdf/65

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Мае волікі-сябры!“
Так гаворыць са скацінкай
І пускае на траву,
А сам гэтаю часінкай
Сядзе ў цень на мураву.
І сядзіць ён, штось гадае,
Бы на думках штось было,
І сам сюд-туд паглядае
На той хутар за сяло,
На курганік і на гору,
Дзе дарожка пралягла:
Банадыся ў гэту пору
Яму полудзень нясла.
Ўсё ў Якіме аж заскача,
Задрыжыць і запяе,
Як здалёку толькі ўбачыць
Постаць мілую яе.
У белай хустачцы з брыжамі
Хутка блізіцца яна.
Вузел хлеба за плячамі,
А ў спарышыку з пшана
Каша, квас ці інша страва
Ды гладышык малака.
Вось падходзіць і ласкава
Так зірне на батрака.

— Ну, Якімка, падкрапіся —
Папалуднаваць пара.

— Дзякуй, рыбка Банадыся!
Я-ж такі і падараў!