Старонка:Zbor t2 1929.pdf/189

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

СІЛА АГІТАЦЫІ

I

Прыехаў у вёску таварыш з раёну,
Паклікаў на сходку сялян,
І доўга грымеў ён наконт самагону,
Як поп, настаўляў грамадзян.

І кідаў сталёвыя, палкія словы
Начальнік міліцыі, Дрот.
Сяляне журботна хілілі галовы,
Глядзелі ўвесь час яму ў рот.

Натоўп адклікаўся часамі заўзята:
„Сьвятая то праўда!“ „Так! так!“
„Дурота!“ „Распуста!“ „Дарэмная трата!“
„Сьвядомасьці гэтае брак!“

І бачыць начальнік — узрушана глеба
У нетрах сялянскай душы.
У строгасьцях гэтых ня будзе патрэбы,
Капут самагону пішы!

Натхненьне бурліць яшчэ з большаю сілай,
Сялян забірае ў палон…
Прамову закончыў канцаўкай завілай.
І грымнулі: „Прэч самагон!“