Старонка:Zbor t2 1929.pdf/124

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Асабліва ў дні сьвятыя,
Калі забаўкі пустыя
І рознае дрэнства
Не даюць папу даходу
І становяць перашкоду
Ў справе набажэнства.
У карчомцы людна, густа,
А ў той божай цэркве пуста —
Поп ды дзяк той, дылда.
І твайго там „алілуя“
Ніхто нават не пачуе, —
Ці ж папу ня крыўда?
Поп прышоў сюды, каб словам
Чортаў сьверб ахаладзіць
І ўдзябці дурным галовам,
Як на сьвеце трэба жыць.
Ён ня раз ужо з амбону
Бічаваў парафіян,
Непаслушных хрысьціян.
Даставалася Лявону
І Пятрусю і Сымону
За чартоўскі чмут, туман,
Бо яны ўсе — конаводы,
Звадыяшы,
І ня зварыш з імі кашы
З-за іх гэтай новай моды.
Адшчапенцы, недаверкі
І расколы!
Іх заўсюды у царкве гола,
Грош ня кінуць у талерку!