Старонка:Zbor t1v2 1928.pdf/200

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ПАСЬЛЯ НАВАЛЬНІЦЫ

Навальніцы няма,
Навальніца зышла,
Хмары далей паціснулі ў сьвет,
І страхлівая цьма,
Дажджавая імгла
Разам з ёю пашлі ў адзін сьлед.

Хоць грыміць яшчэ гром
І зямельку трасе,
Хоць маланка жахліва гарыць,
Над раўком-капяжом
У пакатай страсе,
Як сьляза, яшчэ кропля дрыжыць, —

Але глухне раскат,
І маланка радзей
Палыхае ў гняўлівых клубкох.
Заспакойся-ж, мой брат,
І глядзі весялей,
Бо сьмяецца ўжо сонца ў палёх.

1921 г.