Старонка:Zbor t1v2 1928.pdf/161

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ПЕРШАЕ ЗНАЁМСТВА

Помню, помню тую ночку!
Не забуду я той час.
Пеў салоўка у садочку,
Зор цягнуўся ў небе пас.

Выплыў месяц круглы, поўны,
Падрумянены, як блін.
Цярушыўся мрок бязмоўны,
І п‘яніў мяне язьмін.

І прышла ты нечакана,
Сама, строгая, прышла!
І са мною аж да рана
Тую ночку правяла.

Загадала першым дзелам
„Рукі ўгору“ мне падняць
Ды кішэні аглядзела,
Нават кіцель мусіў зьняць

Распарола мой сяньнік ты,
Разьвярнула мой бярлог,
І лісты мае ад Вікты
Паляцелі за парог!