Старонка:Zbor t1v2 1928.pdf/152

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

КІНЬЦЕ СМУТАК

Што вы, хлопцы, пахмурнелі?
Ці каго вы пахавалі?
Ці няшчасьце так здалела,
Што нуда апанавала?

Плюньце, хлопцы! засьпявайма,
Каб аж вокны задрыжалі!
Ва ўсе грудзі загукайма,
Каб і думкі паўцякалі!

Ці-ж мы будзем вечна гнуцца,
Апускаць ў нядолі рукі?
Няхай сьлёзы больш ня льюцца,
Няхай нас ня знаюць мукі!

За работу жыва, жыва!
Каб нас доля ня ўсчувала,
Каб ня сохла наша ніва,
Каб нуда нас больш ня гнала!

1907 г.