Старонка:Zbor t1v2 1928.pdf/128

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

∗     ∗

Сохну марна я ў вастрозе,
Дарма трачу сілы.
Рвецца дух мой на свабоду
З гэтае магілы.

Шкода хаткі мне старэнькай
З латанай страхою,
Што схілілася над Нёмнам
Горкай сіратою.

Шкода мне зялёнай нівы,
Што шуміць у полі,
Тога дуба, што над рэчкай
Песьціцца ў прывольлі.

Шкода мне гаёў цяністых
І лугоў прастору,
Дзе пад ветрам ходзяць хвалі
Травянога мора.

Шкода сьветлай ручаінкі
Ў берагох пяшчаных,
Што як срэбра мкне-бруіцца
Паміж гор, курганаў.