Старонка:Zbor t1v2 1928.pdf/121

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ў ВАСТРОЗЕ

Аб чым тут мне думаць у гэтай няволі,
У гэтай магіле-турме,
Дзе радасьці сэрца ня знае ніколі,
Дзе жыцьце праходзіць у цьме?

І ўзыдзе і зойдзе высокае сонца,
І месяц устане ўгары,
І зорак далёкіх скрозь хмар валаконцы
Так ціха гараць ліхтары,

І белыя хмаркі кудры ваўністыя —
Сваю тонкарунную ткань —
Ціха расьцелюць па небе па чыстаму
І віснуць над сьветам, як здань…

Бяздоннае неба, неба раскрытае
Прасторам і воляй жыве
І жыцьце няўдалае, жыцьце разьбітае,
Прастор гэты неба заве.

Ўскалышуцца думкі, як лісьце на дрэве,
Калі на іх вецер дыхне,
І сэрца ўскіпае абурана ў гневе,
І душу маланка жахне.