Старонка:Zbor t1v2 1928.pdf/120

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ПЕСЬНЯ НЯВОЛІ

Як лёгкі дым, як тонкі пар,
Расталі ў небе кучы хмар.

Ой, гладзь нябёс далёкая,
Крыштальная, глыбокая!

Як моцны гук, прызыў вясны
З тваёй пачуўся вышыны!

Прастор, прастор і воля там,
Але ня нам яны, ня нам!

Запёрты мы, прыдаўлены,
І краты нам прыстаўлены.

Высок, высок паркан-сьцяна,
Нам песьні волі ня чутна.

Ня нам вясна, ня нам прастор —
Нам мур сыры, нам цесны двор.

Гады ў няволі адцьвітуць…
Ня плач, душа, вясну забудзь!

1910 г.