Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/298

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У куточку прыхіліўся
Ціха каля лавы
І на ўсё Алесь дзівіўся,
Пазіраў, цікавы.
Глянуў ён у кут украдкам
На таго сьвятога,
Што напісан быў з ягняткам
І глядзеў так строга.
Ён зірнуў на Мікалая
І на Юр‘я з зьмеем,
На сьвятых, што і ня знае
І назваць ня ўмее.
За сталом былі мужчыны
І стары між імі,
У каторага маршчыны
Зьлеглі пад вачыма.
Лоб высокі, безвалосы,
Голы, як калена,
Вусы быццам-бы шлі з носа,
Белыя, як пена.
Пазіралі дзеці скрыва
З печы і з прымурка
На Алеся, як на дзіва,
Ці якога турка.
А тым часам стол убралі
Пляшка і дзьве чаркі,
Ў печы весела пішчалі,
Гаманілі скваркі.
Селі піць барыш мужчыны.
Дзед, падняўшы чарку,