Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/281

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Падпаўзе і адпачыне
Ды наставіць вушы,
На гуменца вока кіне
І зірне на грушы.

Костусь проста замірае,
Млее ў хваляваньні
І да бога пасылае
Палкае літаньне:

„Божа мілы, літасьцівы!
Памажы нам, памажы!
Каб запоўз Алесь шчасьліва
І ў садок папаў з мяжы!

Каб натрос там сапяжанак.
Навядзі яго на троп!
Каб Пятрусь ня стаў на ганак
І на нейкі час асьлёп!“

А Алесь паўзе. Часамі
Скокне, разагнецца.
Костусь есьць яго вачамі
І, як ліст, трасецца.

А Алесь і не шманае —
Цэп учуў і рушыў!
Вось і плот, даў бог, мінае,
Вось палез на грушу!