Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/252

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЗА ПАДАТКІ

Колькі ўжо раз за падаткі
Стараста пужае!
Ох, няхай іх! горка з імі,
Хто таго ня знае!

Аж тут пісар прыяжджае
Разам з старшынёю…
Ой, нічога-ж не парадзіш
З горкаю бядою!

— Пачакайце, калі ласка! —
І — бух ім у ногі!
А назаўтра я Красульку
Пацягну за рогі.

Зарыкала так жалобна
Бедная жывёла,
І мне сэрца гэтым рыкам,
Як нажом парола.

Жонка плача, лемантуе…
Гэтак па дзіцяці,
За труною йдучы, плача
Хіба толькі маці…