Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/170

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

НАША СЯЛО

Між узгоркаў над ракою
Выглядае сіратою
Наша беднае сяло.
Убраў стрэхі мох калматы
На бок скрыўленыя хаты,
Як-бы ў дол яно ўвайшло.

І зьліліся ў плех будынкі,
Ў шыбы ўсаджаны лучынкі,
Ці анучак цэлы жмут.
Спарахнела наша школа,
Згніў паркан усесь наўкола —
Школка горбіцца, як склют.

Збоку вербачкі крывыя,
Бы кабецінкі старыя,
Нуднай кучкаю стаяць.
Нёман ногі ім змывае,
Вецер голькі іх люляе,
Лісьці жаласна шумяць.