Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/169

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЧЫГУНКА

Ў два рады, між палёў
Роўна рэйкі ляглі,
Рэжуць нетры лясоў,
Точаць грудзі зямлі.

Дзе стралою ляцяць,
А дзе дужкай бягуць,
Цераз горы і гладзь,
Сьмела рэчкі сякуць.

Эх, і быстры-ж той гон!
Толькі пыхкае дым.
За вагонам вагон
Мчыцца зьмеем ліхім.

Мчыцца ў ночку і ў дзень,
Толькі поле дрыжыць.
Так ні конь, ні алень,
Ні арол не ляціць.

1908 г.