Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/117

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

МЯЦЕЛІЦА

Нізка зьвісьлі над зямлёю
Хмары сьнегавыя,
Сьвішча вецер за сьцяною,
У коміне вые.

Лес гудзе, дрыжаць галіны,
Стогне бор хваёвы,
Злосна выюць верхавіны,
Гнуцца іх галовы.

Белым пылам даль закрыта,
Ходзяць віхры вірам,
Прасяваюць сьнег на сіта
У бясконцай шыры.

Як разьнімуць крыльле-раме
Ды як задурэюць,
Сьледам гурбы курганамі
Стануць на сувеях.

Эх, гуляюць віхры ў полі,
Ветравыя дзеці!
Як зайздрошчу я іх долі —
Вольна песьні пеці!