Старонка:Vybranyja tvory 1927.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

з яго душы, творачы запраўдную музыку словаў, і калі можна зрабіць Коласу закід, дык гэта будзе хіба тое, што ў ахвяру форме верша ён гатоў прынесьці навет чыстату мовы і вымогі правапісу. А побач з мяккасьцю тонаў чаруе нас Колас багацьцем і сакавітасьцяй абразоў, заўсёды такіх жывых, што, здаецца, заплюшчыўшы вочы, убачыш усё тое, што ён апісуе! І сіла ілюзіі, якую нам дае аўтар у сваіх творах, зьяўляецца запраўднай мерай мастацкасьці іх.

Ня будзем тут падробна затрымлівацца на тэй ці іншай галіне творчасьці нашага песьняра: абмяжуемся толькі галоўнымі рысамі ў ацэнцы таго скарбу, які прыдбаў Колас для нашай літэратуры, дый ад'значым асабліва тое, за што ён з поўным правам носе пачэсны тытул "Народнага Поэта": бо Колас - гэта як-быццам той мэгафон[1], праз які голас беларускага сярмяжнага люду разыйшоўся на ўвесь сьвет і - дзякучы мастацтву песьняра - быў пачуты ўсімі, каму мова беларуская даступна і зразумела.

Ант. Навіна

Вільня, 19, XI. 26 г.

  1. Мэгафонам (гучнагаварыцелем) называецца труба, праз якую гаворачы голас робіцца гучнейшым і чутным на вялікшым прасторы.