Старонка:Vybranyja apaviadanni 1926.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

"Я - пролетары, а вы - кулакі, забралі ўсё і смокчаце маю кроў!" Падабраў сабе хаўрусьнікаў, зрабіўся прадсядацелем "камітэту беднаты"; сам нічога ня робіць, толькі ходзіць са сваёй кампаніяй па заможных гаспадарох, каб дзе што ўзяць і заткнуць сваё паганае, горла. Нябось, ваяваць за камунію ня хоча йсьці. "Мы, кажа, больш патрэбны тут, у тылу, чым на фронце".

Дадумаўшы свае думкі аб Кандратавым Хведзьку да таго моманту яго жыцьця, калі гэты самы Хведзька папаўся на хабарох і з гэтае самае прычыны быў скінуты з пасады "прадсядацеля" і адданы пад суд, Раман крыху заспакоіўся. Работа памалу ўцягнула яго ў сваю абладу. Ён шпарка хадзіў за плугам і толькі на заваротах выціраў свой мокры лоб, адсоўваючы на патыліцу шапку. І толькі тады, калі сонца ўгрэла, як мае быць, а конь і сам ён парадкам натаміліся, ён выпраг каня, каб пахадзіў па траве, і сам прылёг пад гэтым дубам.

Дзень быў ясны, цёплы.

На полі зачыналі ўжо зацьвітаць грэчкі.

Колькі моманту Раман ляжаў нярухліва, адчуваючы прыемнасьць і асалоду сапачынку, ляжаў, заплюшчыўшы вочы.