Старонка:Vita (1926).pdf/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З ЦЫКЛЮ «ЗАХОДНЯЯ БЕЛАРУСЬ»

Здаецца, што гавораць шчыра,
а здрада ў сэрцы палыноў цьвіце.
Расчынеце дзьверы шырай, шырай…
О, як шмат найшло „гасьцей“!..

Зарос наш шлях тугой праклятай;
ў самотнасьці маўчыць быльнёг.
Прывыклі ў родных сваіх хатах
схіляць мы голавы да ног.

Пакорнасьць нейкая дый годзе.
Няўжо наш род такі, няўжо?
Цьвітуць дзесь кветкі пры пагодзе,
а ў нас на‘т ліст і той пажоўк.

Зьвініць дзесь песьня ў шумным гаі
і к сонцу мчыцца паміж хвой,
а ў нас сьляза на скроні палягае —
адбітак вечнасьці ліхой.