Старонка:Vita (1926).pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

НЕ СЯДЗЕЦЬ МНЕ З ХЛАПЦАМІ!

Не сядзець мне з хлапцамі на лаўцы
і ня піць веснавы пераліў.
Маёй радасьці чыстыя пальцы
схапілі вякоў перагіб.

Я даўно разьвітаўся з палямі, —
не нарву ціхай руні жальбы.
Я юнацтва свайго не запляміў,
хоць і вывернуў дум жалабы.

...Ня люблю удагонку імчацца
па выбітых сьцежках ідэй.
Я пасвойму падходжу да шчасьця,
я пасвойму хаджу паміж дрэў.

Няхай сонцам узойдзе сталецьце
на скрыжаль маёй песьні-вясны.
— Нашы сэрцы сягоньня ня ў лейцах —
скажуць мне новай эпохі сыны.