Старонка:Vershy dlia dziacej 1945.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Лемантуе бедны Саўка,
Ашалелы, чуць жывы:
Кот упіўся, ну, як п’яўка,
І не знімеш з галавы!
Запусціў капцюр у скуру
Аж да самае касці.
Скача Саўка з таго дуру
Ды крычыць: «Пусці! пусці!»
Рудзька круціцца навокал.
Брэша, цапае катка.
Ай, Савоська, ты мой сокал!
Справа дрэнна і брыдка!
Ой, нагараваліся,
Ой, бяды набраліся
Хлопцы з тым катом!
З поля як вярталіся,
Людзі з іх смяяліся,
Тыкалі пярстом.
Шоў Антось уперадзе,
Рудзьку вёў на прывязі,
Пазіраў уніз,
А Савось на водшыбе,
На галоўцы з коцікам,
Шэпчучы: «кіс-кіс!»
І хоць ён не піонер,
А чырвоны меў каўнер.