Старонка:Vershy dlia dziacej 1945.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Няма дзе катку схавацца:
Чуць сінее лес далёкі,
І сяло за тры валокі, —
Як катку там ратавацца?
Плача ў торбе коцік, плача:
— Мяў, мне душна! Мяў, мне цесна!
Б'ецца сэрцайка балесна,
Бо мне грозіць смерць, няйнача!
Кот бурчыць і гурчыць,
Лапамі дзярэцца,
А Савось хоць-бы што —
Цешыца, смяецца.
— Ну, спыніліся, Антось,
Падзяржы сабаку:
Толькі выпушчу ката,
Цкуй тады ў атаку.
Адышоўся Савось,
Анцік прытаіўся,
І тут коціку астрог
Раптам адчыніўся.
З торбы выскачыў, прысеў —
Трэба-ж разглядзецца.
Зірк — там Рудзька! Што рабіць?
Дзе яму падзецца?
— Цкуй! пускай! — крычыць Савось.
— Кусі ката, Рудзька!..
Ша! чаго-ж так закрычаў
Наш Савось нялюдска?
Глянуў Анцік — вось дзівота!
Вось дзе ліха, вось бяда!
Што зрабіла ім дурота
І што сталася з ката!
Вось папаліся дзе змоўцы —
Проста шкода малышоў:
На Савосевай галоўцы
Коцік схованку знайшоў!