Старонка:Vacłaŭ Łastoŭski. Padručny rasijska-kryŭski (bełaruski) słoŭnik (1924).pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

тычнае пад найменьнем Крывічы. Але ўжо ў X стагодзьдзі адбываецца вялікага гістарычнага значэньня рэволюція: замена старой праславянскай веры новай верай — хрысьціянскай. Хрысьціянства шырылі панаваўшыя, над падбітымі славянскімі плямёнамі, Варагі-Русь. І вось у пэрыёд, ад прыняцьця хрысьціянства да запанаваньня новай, літоўскай дынастыі, наступае замяшаньне ў паняцьцях: народ Крывічы, якім яго ўсе кругом называюць, хочучы адзначыць сваю прыналежнасьць да хрысьціянства ўсходняга абрадку, мянуе сябе, — па веры і па тыпу перайшоўшай да нас з Візанціі і Баўгарыі, праз Варагаў, культуры, — Русамі, Русьсю. Гэты пэрыёд ёсьць Крыўска-Рускі, і трывае ён ад X да XIII ст.

Другі пэрыод наступае са зьменай старой крыўска-рускай дынастыі, якую замяшчае дынастыя літоўская, м. б., ў XIII ст. З упадкам дынастыі, пачынае сыходзіць найменьне Крывічы ў значэньні дзяржаўным: яго заступае найменьне Літва. дзяржава Альгерда, як і Жыгімонта-Аўгуста была адналітнай Літвой, а толькі ў гэтай дзяржаве быў вельмі значны лік грамадзян, якія трымаліся веры, зашчэпленай ім Русамі, і дзеля гэтага яны па веры называлі сябе: Русь, русіны. Калі літоўская дынастыя прыняла каталіцтва, найменьне Русь злучае ўсіх вызнаўцоў грэцкага абрадку і абыймае ўсе землі, дзе жылі вызнаўцы гэтай веры, ад Карпат да Окі. У гэтым другім пэрыодзе, які трываў немаль да канца XVIII ст., мы фігуравалі пад найменнем Літва-Русь. Дзяржаўна — Літва, па веравызнаньню — Русь. Па гэтай старой памяці ў палуднёвых і ўсходніх паветах, — дзе наш народ стыкаўся з такіміж права-