Старонка:Vacłaŭ Łastoŭski. Padručny rasijska-kryŭski (bełaruski) słoŭnik (1924).pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

чына тая, што калi я пачаў запісываць „цікавыя“ словы, я ня меў на мэце карыстацца гэнымі запісямі ў друку: запісываў іх для сябе самога, а мне асабіста цікава было слова само па сабе і дзеля гэтага я не адмячаў мейсца запісі (калі гэта было з народных вусн), ці кнігі, з якой узяў слова (калі слова узята было з друкаваных песень, казак і інш.). Ад 1902 году да сёлетняга ў мяне сабралася вялікая сколькасьць, запісаў, якіх я няздолеў яшчэ ўсіх выкарыстаць пішучы гэты слоўнік, таму, раз што ўсіх матэрьялаў гэтых ня меў цяпер пад рукамі, а падругое, што выкарыстаньне ўсяго матэрьялу вымагала бы апрацоўкі шмат большай кнігі, а на гэта не пазвалялі ні жыцьцёвыя, ні матэрьяльныя варункі.

Выпушчаючы ў сьвет гэты слоўнік, я цікаваў галоўным чынам практычную мэту і даў „Расійска—Крыўскі слоўнік“ дзеля таго, што, мне думаецца, карыстацца ім будуць больш тыя, якія добра ведаюць мову расійскую, але слаба сваю — крыўскую, бо кожды наш інтэлігент вучыўся расійскай мовы ў школах, а сваю найчасьцей знае толькі з наслыху.

Назваў я гэты слоўнік „Расійска-Крыўскім“, бо як гісторыя сьведчыць, нашае сапраўднае племянное і націянальнае найменьне ёсьць Крывічы. Зьмены імён народаў цесна звязаны з гістарычнымі рэволюціямі перажыванымі народамі. У нашым гістарычным жыцьці на працягу тысячалецьця было некалькі такіх рэволюцій, якія складаюць пэрыёды нашай гісторыі.

На зарані гістарычных часаў наш народ выступае, як сарганізаванае цэлае націянальнае і палі-