Старонка:U glybi Palessia 1927.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
НА БАЦЬКАЎШЧЫНЕ
I

На прастор, на шырокі прастор!

Я люблю гэтыя прасторы, люблю неаглядныя ружова-сінія далі іх, поўныя жыцьця, малюнкавасьці, рознастайнасьці тонаў зямлі і неба, дзе так многа разгону для тваіх вачэй, дзе мудрая маўклівасьць далячыні, атуліўшыся танюсенькаю наміткаю сінечы, думае нейкую адвечную сваю думку і так моцна парывае душу зазірнуць за заслону гэтай мудрасьці, каб пазнаць яе таямніцы. Я люблю гэтыя далі, дзе ласкава-прыветнае сонца разьлівае свой усьмех і так пяшчотна праводзіць мяцёлачкаю сваіх праменьняў па твары зямлі і лёгкімі ветрыкамі калыша на гольках зялёнае лісьце, расчэсвае і блутае косы кучаравым хвоям і гойдае над полем срэбна-шэрае жыта, кожны момант пераліваючы яго жывыя рухлівыя цені і асьвятленьне, як бы выганяючы з зямлі ільняна-дымную, бясконцую, несупынную плынь.

Я люблю гэтыя прасторы, дзе параскіданы людзкія сялібы з іх гаспадарліва абсталяванымі дворыкамі, з іх нізкімі хаткамі, верабінамі, ліпамі, вязамі і клёнамі, з іх палеткамі, дзе праходзіць сялянскае жыцьцё з яго трывогамі і надзеямі, з яго радасьцямі і смуткам і дзе маўклівыя сялянскія думкі зьліваюцца з думкамі прастораў.

Я люблю гэтыя далі, калі над імі разьнімае свае крыльлі грозная хмара і выкочвае велізарныя, златарунныя клюбкі, кідаючы гняўлівыя цені на сутокі неба і зямлі, разьліваючы громы і трасучы зацятую немасьць прастораў.

Будзе бура, павінна быць навальніца…

Ласка і гнеў, ціша і бура! Я вітаю вас, калі вы прыходзіце ў сваім часе, калі выконваеце вы адвечную волю жыцьця.