Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

надта ўжо вялікая была спакуса. Ён працягнуў руку і сваёй булаўкай загарадзіў дарогу кляшчу. Джо ўскочыў, як ашпараны:

— Том, не чапай!

— Я хачу толькі крыху падагнаць яго, Джо!

— Гэта нячэсна, сэр! Пакінь яго ў спакоі!

— Ды ну цябе, — я-ж трошкі.

— Пакіньце кляшча ў спакоі, гавораць вам!

— Не жадаю.

— Ты не маеш права чапаць: ён на маім баку.

— А клешч чый?

— Мне ўсёроўна, чый ён, — ён на маім баку, і ты не маеш права яго чапаць!

— Што? Не маю права!? Клешч мой, і я магу рабіць з ім, што захачу!

У гэты момант Том атрымаў здаравенны ўдар па спіне; другі такі-ж удар трапіў у плячо Джо, а потым на працягу двух мінут настаўнік з вялікай стараннасцю выбіваў пыл з куртак, а школа ўся рагатала. Хлопчыкі былі так захоплены сваёй гульнёй, што не заўважылі, як перад гэтым у класе раптам зрабілася ціха, Справа ў тым, што настаўнік падкраўся да іх ціха, на пальцах і досыць доўга стаяў ззаду, сочачы за гульнёй, а потым ужо дадаў ёй і з свайго боку больш рознастайнасці.

Калі нарэшце прышло дванаццаць гадзін і настаў вялікі перапынак, Том вышаў са школы з адной групай школьнікаў, Бэкі — з другой. Праз некаторы час яны сустрэліся на лужку і вярнуліся разам у пустую школу. Яны селі блізенька адзін ля аднаго і палажылі перад сабой грыфельную дошку. Том даў Бэкі грыфель і ейнаю рукою нарысаваў другі дом, дзівоснай архітэктуры. Калі цікавасць да мастацтва прайшла, яны сталі проста балакаць адзін з адным.

Том пытаўся:

— Ты любіш пацукоў?

— Фу! я іх цярпець не магу.