Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

так нудна. Ён сунуў руку ў кішэню, і твар яго раптам асвятліўся радасцю. Ён цішком выцягнуў з кішэні карабок, вынуў кляшча і палажыў яго на даўгую плоскую парту. Клешч у гэты момант пэўна адчуў удзячнасць, але не надоўга: бо як толькі ён задумаў уцячы, Том булаўкай павярнуў яго назад.

Побач з Томам сядзеў яго сардэчны прыяцель, які нудзіўся не менш за яго. Ён вельмі ўзрадваўся такой забаве і адразу зацікавіўся ёю. Сардэчнага прыяцеля звалі Джо Гарпер. Хлопчыкі ўвесь тыдзень былі неразлучныя, а ў святы ваявалі адзін супроць аднаго на чале двух варожых армій. Джо таксама выцягнуў з курткі булаўку і пачаў памагаць прыяцелю ганяць кляшча. Абодва чым далей, тым больш захапляліся гэтым заняткам. Нарэшце Том абвясціў, што яны толькі перашкаджаюць адзін аднаму і ніводзін не атрымоўвае поўнага задавальнення. Ён палажыў на парту грыфельную дошку таварыша і правёў пасярэдзіне лінію зверху данізу.

— Угавор такі: пакуль клешч будзе на тваім баку, ты можаш ганяць яго куды хочаш, а я ўжо не буду чапаць яго, але-ж, калі ты яго ўпусціш і ён уцячэ да мяне, тады ўжо ты яго не чапай, пакуль ён зноў не пяройдзе на твой бок. Згодзен?

— Добра. Давай пачынаць!

Клешч вельмі хутка ўцёк ад Тома і перайшоў экватар. Джо доўга важдаўся з ім, а потым клешч і ад яго ўцёк, вярнуўся назад. Гэтыя пераходы паўтараліся некалькі разоў. Пакуль адзін хлопчык ганяў кляшча, цалкам захоплены гэтым цікавым заняткам, другі з не меншай цікавасцю, сачыў за ім. Абодва схілілі галовы над дошкай і забыліся на ўвесь свет.

Нарэшце шчасце, відаць, назусім перайшло на бок Джо. Клешч, узбуджаны і ўсхваляваны не менш за саміх хлопчыкаў, кідаўся туды і сюды, але кожны раз, як толькі ён збіраўся перайсці да Тома і ў таго свярбелі рукі, каб пачынаць, Джо булаўкай спрытна заварочваў кляшча ў другі бок і пакідаў яго за сабой. Том нарэшце не вытрымаў: