Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Нікому не скажу. Пакажыце-ж!

— Ды вам-жа ж зусім і не хочацца…

— Калі вы такі ўпарты, Том, я ўсёроўна ўбачу.

І яна палажыла сваю маленькую ручку на яго руку. Пачалася лёгкая барацьба. Том рабіў выгляд, нібы сур’ёзна ўпінаецца, але пакрыху адсоўваў сваю руку, і нарэшце адкрыліся словы: «Я вас кахаю!»

— Ах, які вы брыдкі! — і дзяўчынка досыць балюча ўдарыла яго па руцэ, але пачырванела не без прыемнасці.

У гэты самы момант Том адчуў, што караючая рука моцна ўхапіла яго за вуха і прыпадымае з лаўкі. Такім чынам яго павялі праз увесь клас, на другі бок, і пасадзілі на яго ўласнае месца, пры агульных насмешках вучняў. Некалькі жудасных хвілін стаяў настаўнік над ім, не кажучы ні слова, потым таксама моўчкі пайшоў да свайго трона.

Калі школа супакоілася, Том добрасумленна хацеў прымусіць сябе займацца, але для гэтага ён быў надта ўсхваляваны. У часе чытання ён блытаў словы, на геаграфіі ператвараў азёры ў горы, горы ў рэкі, а рэкі ў астравы, так што выходзіў першабытны хаос, які быў перад стварэннем свету. У дыктоўцы ён нарабіў безліч памылак у самых простых словах, — адным словам, спусціўся да апошняга вучня і вымушан быў уступіць другому бляшаную мядальку, якую ён з гонарам насіў некалькі месяцаў.

Раздзел VI

Чым больш Том стараўся прыкаваць сваю ўвагу да кнігі, тым больш раскідваліся яго думкі, так што нарэшце, уздыхнуўшы і зяхнуўшы, ён перастаў старацца. Яму здавалася, што вялікі перапынак ніколі не прыдзе. У паветры стаяла мёртвая ціша — ні гуку, ні дыхання. З усіх снатворных дзён гэты быў самы снатворны. Усыпляючае мармытанне дваццаці пяці школьнікаў, паўтараючых заданне, баюкала душу, як чароўнае гудзенне пчол.

Том усім сэрцам прагнуў вырвацца на волю, або хоць знайсці што-небудзь цікавае, каб запоўніць час, які цягнуўся