Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

барахло — гэтага нехопіць на тое, каб купіць сабе хоць поўгадзіны волі. Ён палажыў свае багацці ў кішэнь і адмовіўся ад спробы падкупіць таварышоў. У гэтую цяжкую і безнадзейную хвіліну на яго раптам надышло натхненне — іменна натхненне, геніяльная бліскучая думка…

Ён узяў пэнзаль і спакойна прыняўся за работу. Здалёк паказаўся Бэн Роджэрс; яго насмешак Том баяўся больш за ўсё. Бэн не ішоў, а падскокваў, ляцеў — верная адзнака, што на душы ў яго было лёгка і што ён многа добрага чакаў ад гэтага дня. Ён еў яблык і час ад часу працяжна меладычна свістаў, перамешваючы гэта з больш нізкімі нотамі «дзінь-дон-дон, дзінь-дон-дон», бо ён прадстаўляў з сябе параход.

Падышоўшы бліжэй, ён сцішыў хаду, стаў сярод вуліцы і пачаў павольна, асцярожна, з намаганнем заварочвацца, бо ён прадстаўляў з сябе «Вялікую Місуры», якая сядзіць на дзевяць футаў у вадзе. Ён быў судном, капітанам і матросам у адзін і той-жа час, так што яму даводзілася ўяўляць, што ён стаіць на ўласнай палубе, сам сабе загадвае і выконвае гэты загад.

— Стоп машына! Дзінь-дзілінь-дзінь-дзілінь-дзінь! — Ён паступова зышоў з сярэдзіны дарогі і набліжаўся да краю. — Назад! Дзілінь-дзілінь-дзінь! — Ён выцягнуўся, як перад начальствам, трымаючы рукі па швах. — Задні ход! Трымай правей! Чшш-чшш-чшш! — Правая рука яго апісвала вялікія кругі, цяпер ён прадстаўляў з сябе кола сарака футаў у акружыні. — Заварачвай левым бортам! Дзілінь-дзінь-дзінь! Чшш-чшш-чшш!

Цяпер ён апісваў кругі левай рукой.

— Стоп машына! Дзілінь-дзінь-дзінь! Не так шпарка! Заварочвай! Нос правей! Кідай канат! Жывей! Чаго стаіш? Лаві канат! Накінь пятлю вунь на тую палю! Зацягва-а-й! Адпусці! Машына стала, сэр! Дзілінь-дзінь-дзінь! Шт-шт-шт! — пераймаў ён сіпенне пары.

А Том мазаў сабе, не звяртаючы ніякай увагі на параход. Бэн са здзіўленнем паглядзеў на яго, а потым сказаў: