Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Не магу, маса[1] Том! Старая місіс загадала, каб я ішоў прама па ваду і не спыняўся ні з кім гутарыць па дарозе. Яна кажа: «Я ўжо ведаю, што маса Том будзе клікаць цябе бяліць сценку, дык ты яго не слухай, а ідзі па сваёй справе». Яна кажа: «Я сама пайду глядзець, як ён будзе бяліць».

— От, глупства! Мала што яна гаворыць, Джым! Яна заўсёды так гаворыць. Давай сюды вядро — я ўраз збегаю. Яна і не пазнае.

— Ой, баюся, маса Том, баюся старой пані! Яна мне галаву адарве, далібог, адарве!

Яна? Ды яна пальцам нікога ніколі не кране; можа толькі наперсткам пачне дзяўбсці па галаве, дык гэта-ж глупства. Хто-ж на гэта звяртае ўвагу? Праўда, гаворыць яна жудасныя рэчы, але-ж ад слоў не баліць, калі толькі яна пры гэтым не плача. Джым, я дам табе мармуровую галачку… Я табе дам яшчэ маю белую кеглю.

Джым пачаў хістацца.

— Белую кеглю, Джым, дасканалую белую кеглю!

— Яно так, штука важнецкая! А толькі ўсё-ж такі, маса Том, я вельмі баюся старой пані!

Не стрымаўшыся ад спакусы, Джым паставіў-быў вядро на зямлю, але праз хвіліну падхапіў яго і з бразганнем панёсся па вуліцы, а Том энергічна пачаў мазаць плот… Гэта цёця Поллі з пантопляй у руцэ прымусіла іх узяцца кожнаму за сваю працу.

Але энергіі Тома хапіла не надоўга. Ён пачаў думаць аб тым, як весела ён збіраўся правесці гэты дзень, і яму зрабілася яшчэ горш. Сёння ўсе хлопчыкі гуляюць. Яны, вядома, збіраюцца на розныя вясёлыя гульні, прыдуць па яго — і будуць насміхацца, што яму даводзіцца так цяжка працаваць. Самая думка аб гэтым паліла яго, як агнём.

Ён выцягнуў увесь свой скарб і пачаў разглядаць яго: тут былі ламаныя цацкі, мармуровыя галачкі, кубікі, рознае

  1. Маса — перакручанае англійскае слова, якое азначае: паніч, пан.