Старонка:Taraskievic.Vybranaje.pdf/156

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

305. a дакажу я такое, што помніці будуць патомкі».
Гэтак гаворачы, выхапіў меч развастрэнны свой медны,
з левага боку вісеўшы, страшэнна вялізны, магутны,
і з усіх сіл ірвануўся, казаў бы арол паднябесны,
што цераз цёмныя хмары спадае у дол на раўніны,
310. каб ці слабое ягнё, ці пужлівага зайца задзерці,—
гэтак во рынуўся й Гектар, махаючы вострым булатам.
Кінуўся і Ахілес, і напоўніўся дух яго гневам, гневам
дзікім, засланіў свае грудзі шчытом размайстроўным,
дужа харошым, шалом жа чатыраграбенны ківаўся
315. на галаве і блішчэў, развяваліся з золата грывы,
што насадзіў іх Гефест пры чубе і прыгожа і густа;
вось, як вячэрняя зорка, што ярыцца й свеціць у змроку
найхарашэй, найярчэй за ўсе іншыя зорачкі ў небе,
гэтак блішчала і гэная вострая піка, якою
320. ў правай руцэ патрасаў Ахілес, замышляючы блага
Гектару й меціўся трапіць у самае кволае месца.
Цела героева ўсё закрывала харошая зброя,—
зброя, якую злупіў ён, забіўшы у поле Патрокла,—
тамака толькі, дзе шыю ключыцы з плячмі спалучаюць,
325. горла відаць было, там — для душы найхутчэйшая гібель.
Тутака пікай і трапіў якраз Ахілес наляцеўшы,
й проста скрозь белую шыю прайшло смерцяноснае жала.
A гарляка гастрыё тое меднае йшчэ не прабіла,
каб паміраючы мог бы сказаць колькі словаў апошніх.
330. Грымнуўся вобзем герой, і усклікнуў Ахіл быстраногі:
«Як жа ты, Гектар, забіўшы Патрокла, йшчэ мог спадзявацца
цэлым застацца й мяне не баяўся, хоць быў я далёка?
Эх ты, дурны! A вось я за цябе куды лепшы, імсціцель
друга свайго, заставаўся і доўга пры лайбах глыбокіх,
335. a падкасіў табе ногі. Цяпер груганы і сабакі
будуць цябе валачы, a яго ушануюць ахейцы».
Гектар жа ледзь толькі дыхаў і так адказаў Ахілесу:
«Ах, на душу і бацькоў такіх родных цябе заклінаю,
не аддавай ты сабакам мяне пры ахейскіх, пры лайбах!
340. Медзі і шчырага золата трэбуй, ну — колькі захочаш,
бацька і мілая маці дароў нададуць незлічоных,
толькі аддай маё цела назад, каб траянцы й траянкі
чэсць аддалі мне апошнюю і на агонь узлажылі».
Грозна Ахіл узглянуў на яго спадылба ды і кажа:
345. «Не абымай маіх ног ты, сабака, й не клянчы бацькамі!
Каб не было мне праціўна, то сам я, цябе парубаўшы,