IV.
А вох ці мне! як там прыгожа!
Ну, бытцам хто намалюваў!
Чырвоны краскі, мак і рожа, —
Ну, як сукенку хто паслаў!
І птушкі ёсць там; дужа стройна
Пяюць, палепш за салаўя!
А вох ці мне, а-а-вой я;
Куды натрапіў гэта я?
Стаяў я доўга і дзівіўся,
Разявіў зяпу і глядзеў, —
Аж вось аткуліцька зьявіўся,
Ці то прыйшоў, ці прыляцеў
Хлапчына нейкі круглалікі,
Увесь кудравы, як баран,
І за плечмі ў яго вялікі
Прычэплен лук быў і каўчан.
— Аткуль, куды дарога гэта?
Спытаўся я ў хлапца той час.
— Дарога гэта с таго сьвета,
Ідзе проста на Парнас!
Сказаўшы, хлопчык таго часу
На скрыдлах шпарка паляцеў,
Дарогу-ж паказаць Тарасу,
Ня меўшы часу, не хацеў.
V.
Памысліў я тады нямнога:
Што за шайтан Парнас такі?
Пайшоў я проста тэй дарогай,
Узяўшы ў рукі добры кій.
Прайшоў вёрст дзесяць тэй дарогай,
Аж бачу я — гара стаіць.