Старонка:Svejk.6.pdf/92

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Зранку Ванэк і Марэк, у белых халатах, явіліся ў канцылярыю, дзе засталі Аўгіньню Васільлеўну за працаю: яна канчала свой туалет.

— Добрае раніцы, — ласкава прывітала яна іх. — А я ўсю ноч ня спала. Ах, якія страхі мне сьніліся! Палкоўнік ня едзе, і нават ня піша. Гэта ён усё дзеля вас стараецца, дзеля вас працуе. Што, сёньня шмат хворых?

І яна з цікавасьцю пачала глядзець, як абодва «вучоныя» выстуквалі, абмацвалі і выслухоўвалі хворых. А пасьля яна паклікала людзей да сябе бліжэй:

— Ну, падыдзеце, я вас таксама агледжу. Сёе-тое і я разумею ў хваробах; я-ж вучылася на мэдычных курсах у Маскве. Пачакай, галубок, ты кажаш, што ў цябе сэрца баліць, што табе дыхаць цяжка? Дыхай, галубок, я цябе выслухаю.

Яна абняла яго за стан і прыклала вуха да яго брудных грудзей, казлычучы яго сваімі пасмамі валасоў.

— Глупства, просты катар. Нічога страшнага. Прыдзеш дадому, жонка пакладзе цябе ў цёплую пасьцель, напоіць чаем, ты прапацееш і ўстанеш, як нічога ня было. Ну, а што ў цябе?

Яна бяз упынку балбатала, думаючы, што гэта ёй да твару. І хоць у яе з роту патыхала салолам і яшчэ чымсьці няпрыемным, яна як мае быць паблісквала вочкамі перад палоннымі і гаварыла да «дактароў»:

— От бачыце. Я і парашкоў ім не давала, і ёдам іх ня мазала, а вылячыла іх толькі маім мяккім жаноцкім сэрцам. Хіба гэта ня дзіва, доктар? Доктар, ды скажэце-ж, хіба я не найлепшая дапаможніца?

— Найлепшая! — сьмяючыся адказаў Ванэк, а Марэк прамармытаў:

— Гэтакая добрая, што пакрысе ўся дружына пачне цягацца сюды дзеля сьмеху.

І Аўгіньня Васільлеўна не пакідала абмінаць хворых, нічога не баючыся і ня спыняючыся перад гэтакімі рэчамі, якіх другая жанчына, з больш слабымі нэрвамі, ня вытрымала-б.

У той час сярод ваеннапалонных раптам зьявілася кароста; ад яе, як скардзіліся палонныя, быў страшэнны сьверб, вельмі-ж у прамежнасьцях і на ляжках, і Ванэк заявіў Аўгіньні Васіль-