Старонка:Svejk.6.pdf/171

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ідзеце ў сарцір, старая божая, і не расчульвайцеся! — сказаў хтосьці, далікатна адпіхаючы фрау Мюльлер. — З прыездам цябе, Пеперль, здароў будзь! Ты-ж прыедзеш сёньня вечарам да нас на шклянку піва? У мяне сьміхаўскае. Яго зноў ужо можна піць.

— Вядома, прыду, браце Палівец, — з гонарам адказаў Швэйк, — а ты ўсё-ж гэтакі грубіян. Што-ж, на вайне мы ўсе агрубелі.

— Дайце мне стрэльбу, я вам яе панясу, — пачала прасіць фрау Мюльлер, спрабуючы сьцягнуць стрэльбу з швэйкавага пляча, але тут на яе гукнуў нечы новы голас:

— Пакінуць, зараз-жа! Хіба вы ня ведаеце, што на гэта ёсьць у ваенным кодэксе артыкул. Яго нават могуць расстраляць за такую штуку. А ты, Швэйк, глядзі, не спазьніся ў «Поўны Келіх». Памятаеш, ты яшчэ ў Кіральхідзе ў Вэнгрыі дэкляраваў мне быць там роўна а палове сёмае.

— Не, я сказаў у шэсьць, і ў шэсьць я буду на мейсцы, — адказаў Швэйк, атульваючы сапёра ласкавым позіркам.

Натоўп ішоў з імі і за імі, наперадзе грымелі крыкі «слава», і «на-здар», хваляваліся хусткі і ўсьміхаліся прыгожыя дзяўчаты, і ўдалы ваяка Швэйк з задаваленьнем адзначыў:

— Каб не вайна, я нават на сваім пахаваныні не дажыўся-б да гэтакага ўшанаваньня.

— Швэйк, мы ўжо згаварыліся пра ўсё з панам паручнікам, — зьвярнуўся да яго Балун: — Ты павінен прыехаць у наступную нядзелю разам з ім да мяне ў госьці. Я закалю сьвінку. Сьвінка ў мяне невялікая, усяго на якія-небудзь дзьвесьце кілё, але ты, калі ласка, не саромься, таварыш. Нашаму брату, мельніку, вайна пашла на карысьць — рука божая не бяднела.

— Значыцца, вырашана: я прыеду, — заявіў Швэйк, — каб паглядзець, колькі ты, прорва, можаш зьесьці, пакуль табе ня будзе даволі.

—Яны дайшлі да Старога рынку. Ля помніка Гусу іх чакалі вышэйшыя прадстаўнікі грамадзянскае і вайсковае ўлады. Перад ратушаю была зроблена трыбуна. Герояў віталі міністры, гава-