Старонка:Svejk.5.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

1

ШВЭЙК ВУЧЫЦЦА РАСІЙСКАЙ МОВЕ.

Тая акалічнасьць, што шалёная карова парвала ўсё, што зьвязвала ўдалага ваяку Швэйка з яго імпэратарам, за якога ён праліваў кроў на вайне, не парушыла душэўнай роўнавагі нашага героя.

Пад наглядам расійскага канвою ён ішоў насустрач невядомасьці ў расійскім палоне так спакойна, бесклапотна і даверліва, нібы ён толькі выйшаў купіць сабе сасісак на сьнеданьне.

Ён ані ня дзівіўся таму, што яго пераводзілі з этапу на этап, што заўсёды зьмяняліся вакол яго канвойныя, якія праводзілі яго ўсё далей і далей у глыбіню краіны. Ён браў ад іх хлеб, піў іхны рэдзенькі чай і адказваў на іхнія запытаньні, якіх ён, вядома, не разумеў, ласкавай добрай усьмешкай і прамяністым позіркам сваіх блакітных вачэй.

Яму было нават прыемна, што вакол яго зноў былі адны салдаты, і ён старанна шукаў у іх падабенства да сваіх, знаёмых па батальёне.

Калі аднойчы барадач зьеў на вёсцы цэлую булку хлеба і запіў яе чатырма конаўкамі малака, Швэйк успомніў Балуна і спагадліва сказаў свайму падарожніку:

— У нас вось таксама быў адзін такі прорва, як ты. Звалі яго Балуном. Ты часам не сваяк яму? У яго, ведаеш, кішка была, як пажарны рукаў, і ён табе, расійскаму аб'ядайлу, у гэтых адносінах нічым-бы ня здаў. Ён табе, камрад, паказаў-бы, што гэта ёсць аўстрыйскі салдат.

На гэта расіец замахаў у знак згоды галавой і сказаў: «так, так» і «добра», «добра», а Швэйк, канчаючы гутарку ўздыхнуўшы дадаў:

— Так, так, добра, добра! Хай-бы ты, чортава насеньне, навучыўся прынамсі гаварыць па-чэску, або па-нямецку, каб