Старонка:Svejk.5.pdf/203

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

няга вуха, націраў вушы, а ў сыфілістычныя язвы на вуснах, уціраў гліцарыну, як поп, які робіць саборваньне. Увогуле, рабіў усё, што мог!.. Перад ім станавілася чарада пацыентаў, якіх накіроўвалі да яго лекары, а пісар, абліваючыся потам, пытаўся:

— У якім годзе радзіўся? Халасты ці жанаты? З чаго памерлі бацькі? Ня ведаеш? Колькі братоў і сёстраў памерла і з чаго? За жыцьцё нічым не хварэлі?

Сабраўшы ўсе такія каштоўныя для статыстыкі веды, якія лекары падавалі ў Чырвоны Крыж, каб мець уяўленьне, як часта ў салдата, у якога трыццаць год назад памерла ад дыфтэрыі двохгадовая сястра, бываюць прыступы раматусу ці ў якой сувязі знаходзіцца гэта зьява з якой-небудзь яшчэ даўнейшай прычынай, — пісар перадаваў іх людзям навукі; а гэтыя, на падставе іх канстатавалі, што ў ніжэйшага чына, які паказаў ім свае брудныя ногі ці зьедзены вошамі і абсыпаны чырвонымі пухіркамі жывот, сапраўды нешта нядобра і накіроўвалі яго да фэльчара Паньцялея Цімахвеевіча, каб ён нацёр іх сваімі унівэрсальнымі лекамі з чароўнае бутэлечкі.

Такое міжнароднае супрацоўніцтва лекараў давала шмат чаго навуцы, бо дзякуючы яму можна было пазнаёміцца з рознымі сыстэмамі тэрапіі. Вайсковыя лекары ў Аўстрыі лячылі ўсё нутранымі сродкамі, тым часам, як іхныя расійскія колегі трымаліся пераважна надворных сродкаў, накшталт націраньня гліцэрынам.

Калі абудвы аўстрыйцы вярнуліся ў барак і пісклявы пачаў крычаць, што чым больш чалавек вучыўся, тым большая ён скаціна, а Марэк агледзіўся, што ў яго гліцарына пацякла з парток у боты, да іх падыйшоў Швэйк і, вымазаўшы сабе рэшткамі гліцарыны рукі, упэўнена сказаў:

— Справа ў тым, што ў дэлегацыі, якая зьбіраецца нас наведаць, ёсьць адна вельмі важная жанчына, і таму пажадана, каб у нас быў чысты і прыемны колер твару. Гэта жанчына нічога не разумее ў раматусе, але яна зьверне ўвагу на тое, ці добра мы кормімся, і вось увесь сэнс у добрым уражаньні, якое пакіне чысты выгляд.

І, патануўшы ў ружовых пэрспэктывах, палонныя пачалі чакаць таго нябёснага анёла, якога пасылала ім у спацяшэньне дарагая бацькаўшчына.