Старонка:Svejk.4.pdf/73

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Такім чынам, кадэт Біглер паехаў здабываць сабе залаты мэдаль «за адвагу».

Яго закаленыя ў больніцы кішкі ўжо нічога самавольна ня кідалі ў штаны, але частыя пазывы ўсё яшчэ засталіся, так што дарога ад апошняга этапу да штабу брыгады, дзе Біглер спаткаўся з падпаручыкам Дубам, зьяўлялася, уласна кажучы, трыумфальным паходам па ўсіх патрэбных каморках. Разоў колькі ён пазьніўся на цягнік, бо заседжваўся на станцыях у гэтых каморках так доўга, што цягнік пасьпяваў за гэты час ад’ехаць. Затое разоў колькі здаралася так, што ён не пасьпяваў зрабіць перасядку, бо сядзеў у прыбіральні свайго вагону.

Але, не ўважаючы на ўсе клёзеты, што трапляліся на яго дарозе, кадэт Біглер усё-ж набліжаўся да месца свае службы.

Падпаручык Дуб павінен яшчэ дзён колькі прабыць у штабе брыгады, але ў той самы дзень, як Швэйк паехаў у свой батальён, галоўны доктар вырашыў у дачыненьні да падпаручыка Дуба крышку іначай, як раней. Справа ў тым, што галоўны доктар даведаўся, што ў гэты дзень у тым кірунку, дзе знаходзіцца 91-ы полк, ад’яжджае санітарны аўтомобіль.

Ён быў вельмі рады пазбавіцца падпаручыка Дуба, што ўсе свае размовы з ім канечне пачынаў словамі: «Пра гэта я яшчэ гаварыў да вайны з панам начальнікам акруговае ўправы».

«Пашоў ты да ліхога чорта са сваім начальнікам акруговае ўправы», падумаў сам сабе галоўны доктар і падзякаваў лёс, што санітарны аўтомобіль выпадкова ехаў праз Золтанец на Каменку-Струмілову.

Швэйку да гэтага часу не давялося яшчэ бачыць кадэта Біглера ў брыгадзе, бо той ізноў засеў на дзьве гадзіны ў адным з ватэр-клёзэтаў, прызначаных паном афіцэрам.

Аднак трэба заўважыць, што кадэт Біглер ніколі ня траціў дарма часу ў такім месцы, бо ён паўтараў, седзячы там, усе выдатныя бойкі славутай аўстра-вэнгерскай арміі, пачынаючы ад бойкі над Нёрдлінгенам, 6 верасьня 1634 году і канчаючы бойкаю пад Сараевым 19 жніўня 1878 г.