Перайсці да зместу

Старонка:Svejk.4.pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Між іншым, — сказаў Юрайда, якога афіцэрскі банкет зусім зьбіў з панталыку, — усе людзі паходзяць з карасёў. Калі ўзяць тэорыю Дарвіна, дарагія сябры…

Але далейшае яго апавяданьне перарваў кагадзе зьявіўшыся вольнапісаны Марэк.

— Ратуйся, хто можа! — крыкнуў Марэк. — Толькі што да нас у штаб прыехаў падпаручык Дуб і прывёз кадэта Біглера. — Проста жах было глядзець, — інформаваў далей Марэк, — як ён выскачыў з аўтомобілю і кінуўся ў канцылярыю. Вы ведаеце, што я зьбіраўся, як выходзіў адгэтуль, добра выспацца. Дык от я толькі расьцягнуўся ў канцылярыі на лаўцы і толькі пачаў засынаць, як ён ужо падскочыў да мяне. Кадэт Біглер крыкнуў: «Зважай!» Падпаручык Дуб падняў мяне на ногі, а пасьля пачаў крычаць: «Вось я вас і злавіў, калі вы ўнікаеце ад выкананьня сваіх абавязкаў у канцылярыі! Спаць дазваляецца толькі пасьля вячэрнае праверкі». А Біглер дадаў: «Паводле § 9, разьдзел 16, Палажэньня гарнізоннае службы». Пасьля падпаручык Дуб стаў грукаць кулаком па стале і крычаць: «Вы, мусіць, хацелі адчапіцца ад мяне, але толькі вы ня думайце, гэта было не парушэньне мазгоў, мой чэрап здольны яшчэ ня гэта вытрымаць». Тым часам кадэт Біглер перавярнуў у мяне увесь стол і чытаў на голас нейкую паперку: «Слухай загад па дывізіі пад нумаром 280». А падпаручык уявіў сабе, што той сьмяецца з ягоных слоў, што ў яго чэрап яшчэ што-небудзь вытрымае і пачаў вымаўляць Біглеру за ягонае недалікатнае паходжаньне, што ня варта будучата афіцэра, а цяпер ён вядзе яго да капітана, каб паскардзіцца на яго.

Хутка падпаручык і кадэт зьявіліся на кухні, праз якую трэба было прайсьці, каб трапіць у пакой, дзе сядзелі паны афіцэры і дзе таўсты прапаршчык Малы выконваў пасьля сьвіное пражаніны арыю з «Травіяты».

Калі падпаручык Дуб увайшоў у дзьверы, Швэйк крыкнуў:

— Устаць, зважай!

Падпаручык зусім блізка падышоў да Швэйка і прашыпеў яму проста ў твар: